У Лідзіі Гардынец, як і ў кожнага з нас, ёсць дарагое для яе чуллівай душы, свяшчэннае месца на зямлі. Малая радзіма гэтай творчай натуры, якую яна так узнёсла апявае ў вершах, празаічных творах, – гэта невялікая вёсачка Аўгустова на старадаўняй валожынскай зямлі.

Тут нарадзілася. Тут жывуць яе бацькі, родныя. Парог яе тут, ад якога ў жыццё пайшла.

З журналістыкай марыла звязаць лёс. Толькі так сталася, што ўжо даволі-такі працяглы час працуе ў сферы гандлю. Заўсёды навідавоку. Заў­сёды з людзьмі і для людзей.

Паэтычная ж мелодыя прыходзіць у самы розны час. І тады яна, радуючыся госці нябеснай, спяшаецца занатаваць паэтычныя радкі.

У невялікім паэтычным зборніку “Саламяны капялюшык”, ёсць радкі:

Я ўсё жыццё

начамі сніла

Пад хатай бэз,

за хатай – вяз,

Не ведала, якая сіла

Звязала гэтак

моцна нас.

Гэтыя радкі з верша “Я ўсё шукаю тую сцежку”, як іншыя, шчырыя, цёплыя, добрыя, сведчаць аб непарыўнай сувязі яе, паэткі, з тым, што з маленства знаёма, блізка і дорага да слёз.

Прадмову да зборніка, як і да кнігі “Ад твайго парога”, у якой ужо як паэзія, так і проза, напісаў вядомы пісьменнік і краязнаўца Міхась Казлоўскі, хто умее заўважыць талент, своечасова і шчыра падтрымаць яго.

У акордах дзіўнай музыкі прыроды ёй бачацца, як ніткі срэбных дажджынак вышываюць зелень траў, як жоўты чмель у роснай траве п’е сонейка. Тут чуцен хлебны водар зямлі.

Сама мяркуе, што вельмі добра, што з такім цудоўным краем “адна песня выйшла”. Прызнаецца: тут заўсёды ўсім хапала як месца, так і сонца: чалавеку, зверу ў лесе, птушцы ў сінім небе, белай бярозцы пад акном…

І сэрца напаўняе трапяткая любоў да Радзімы-матухны. А пачыналася яна для Лідзіі Гардынец з матчынай мовы, якую чула “у кожным шораху лісточка, у кожнай дзіўнай песні са­лаўя”, з бярозкі, непакорнай і рахманай, да якой і прыхінуцца хочацца, і зірнуць у ясныя вочы заўтрашняга дня.

Запамінальныя радкі з верша “Люблю свой край і гэты ціхі вечар”.

Чаромхі водар, белы вэлюм саду,

Зязюлі шэрай ціхае     

“ку-ку”

І шум дажджу за

 сценкай роднай хаты

Я праз жыццё

ў сэрцы пранясу.

Люблю свой край

І гэты сіні вечар,

За хатай –

васільковую мяжу,

І цёплы хлеб той

з печы

На белы ліст паперы

палажу.

Кранаюць душу вершы-прысвячэнні з другой кнігі “Ад твайго парога”, якая выйшла ў свет праз сем гадоў пасля папярэдняй у вядомым выдавецтве ПУП “Кнігазбор”, “На магіле Багдановіча”,”У палоне Уладзіміра Караткевіча”, “Памяць святара Уладзіслава Чарняўскага”, іншыя.

У гэтай кнізе ўжо не толькі вершы апошніх гадоў, а таксама артыкулы, эсэ, апавяданні. На яе вокладцы – сімвалічны клубочак жыцця коціцца ад парога сялянскай хаты. Ілюстрацыі да кнігі зрабіў маладзечанскі мастак Анатоль Акулік.

Лідзія Міхайлаўна добра разумее, што “лёс нікому лёгкіх шляхоў не выбірае”. У ім, піша аўтарка, шмат ахвяр і падману. Яна ж умее бачыць прыгажосць роднай зямлі, таго куточка вёскі, які ёй любы, як дзіцяці калыска. Ёй “і расіначка за шчасце, і сінявокі васілёк…”.

Напісанае сагрэтае цяплом яе сэрца. Вось радкі з верша “Папрашу ў лёсу ветрыку для поля”:

Не налюбавацца –

лён цвіце ці іней,

Ты заўсёды з ласкай,

родная зямля…

Папрашу ў лёсу

шчасця для радзімы,

Калі свеціць сонца,

буду грэцца й я.

А гэтыя радкі – з верша “Час раскажа пра нас”:

Ёсць у кожнага дня

Непадкупныя вагі,

Дзе душы чысціня

Шмат чаго

пераважыць.

Задумваецца: “А што раскажуць пра нас нашым праўнукам людзі”? Калі гэты свет – поўны прагнасці і сквапнасці. Мы ў ім са сваімі хібамі і недахопамі. Зменіцца ж ён да лепшага толькі тады, калі самі станем лепшымі.

Як адзначае Міхась Казлоўскі, многія вершы паэткі напісаныя на адным дыханні, зліваюцца ў адзіную гармонію зместу і формы – форму дасканаласці. Адзначае неардынарнасць мыслення яе, непаўторнасць аўтарскага стылю і пісьма.

Падмячае:

– Падабаюцца вершы… Тэмай. Думкамі. Свежасцю паэтычнага вобраза. Удалай метафарычнасцю. У іх – чысціня душы, тонкае бачанне свету, светлыя эмоцыі.

Паэтка, кампазітар, цудоўны выканаўца ўласных песень Таццяна Атрошанка ўпэўненая, што творца і творчасць адпавядаюць свайму гучнаму прозвішчу – Гардынец… І паэзія яе – ад душы, і проза…

Журналістка член Саюза беларускіх пісьменнікаў Ала Клемянок адчувае ў яе творчасці шчырасць, непаўторнасць аўтарскага стылю.

Паэтка Таццяна Бярэзіна лічыць:

Паэзія Гардынец – быццам лекі для збалелай душы. Яны нясуць ачышчэнне. Некаторыя пакладзеныя на музыку.

Творчасць яе – поўная душэўнасці. Пачуццёвая. Імпульсіўная. І празаічныя творы, у прыватнасці “Хутар мой, хутарок”, “Івашкаў камень”, “Яе слёз ніхто не бачыў” ды іншыя апавяданні, артыкулы, эсэ, вызначаюцца чалавечай шчырасцю, праўдай жыцця.

Раздумвае аб будучыні беларускай вёскі. Яе хвалююць лёс роднай мовы і культуры. Распрацоўвае тэмы кахання і таямніц прыроды, узаемаадносін між людзьмі, розных аспектаў жыцця.

Апяваючы мясціны, “адкуль душы яе пачатак, узвышаецца да праблем агульначалавечых, дзяржаўных. Падкрэслівае разам з тым, што ўсё ж “жыццё – не пявучы радок…”. Спа­дзяецца, што яно ўсё ж некалі стане больш светлым. Такое адчуваеш, чытаючы вершы-прысвячэнні. Скажам, у вершы “Адольфу Клімовічу”, “крывічу па духу, па крыві, па племені”, ёсць такія радкі:

З адной малітвай,

з вераю адною

Зямлі бацькоў

маліўся і служыў,

Каб толькі быў народ

самім сабою,

Каб роднай мовай

дыхаў, думаў, жыў.

І паэт перакладчык Пятро Бітэль, якому паэтка таксама прысвяціла цёплыя, шчырыя радкі, “па цяжкіх шляхах выпрабаванняў прайшоў з Радзімай крок у крок”. А голас святара Уладзіслава Чарняўскага не толькі моц і сілу меў, а яшчэ і надзею людзям даваў…

Чытаеш пра людзей, якіх і сам добра ведаў, пра той куточак зямлі, адкуль звычайна і пачынаецца любоў да Бацькаў­шчыны, і сэрца напаўняюць патрыятычныя пачуцці.

З хваляваннем успрымаеш “Хутар мой, хутарок”, “Івашкаў камень”, іншыя артыкулы і апавяданні. Адчуваеш, што напісаныя яны на аснове рэальных фактаў, узятых з жыцця блізкіх аўтару людзей. Працавітых. Добрых. Сумленных. Светлых. Тых, хто многа перажыў: у вобразах дзядулі Аляксандра і бабулі Аленкі, іх дзяцей у пэўнай меры ўвасоблены лёс даваеннага і ваеннага пакаленняў. Людзі працавалі і марылі аб шчаслівым жыцці для сябе і сваіх дзяцей…

І “Івашкаў камень” з падзагалоўкам “Хроніка аднаго жыцця” прысвечаны гісторыі роду Сікорскіх. Разважае, што “гісторыю можна перапісаць, перафарбаваць. А вось лёсы людзей, якія трапілі ў яе жорны, застаюцца нязменнымі”.

Прадстаўнікі гэтага роду, піша Гардынец, спазналі голад, холад, цяжкую працу. Жылі ў час ваеннага ліхалецця ў акупацыі. Ваявалі ў самым цэнтры крывавага месіва – на перадавой. Пасля вайны будаваліся, падымалі разбураную гаспадарку: лёс зноў і зноў іх выпрабоўваў. Ды вяскоўцаў, пра каго расказваецца ў кнізе “Ад твайго парога”, ніколі не пакідала прага да святла.

Уся творчасць Лідзіі Гардынец, асноўнай крыніцай творчага натхнення каго, як прызнаецца, з’яўляецца лепшае месца на свеце – хутарок на Валожыншчыне, паміж вёскамі Дайнава і Узбалаць, сагрэтае цяплом яе сэрца. Хутар гэты – радзіма родных творцы.