8 Сакавіка – свята ўсіх жанчын. А як адчуваюць сябе мужчыны, якім пашчасціла нарадзіцца ў гэты дзень?

Васіль Юркоўскі працуе хірургам у дзіцячай паліклініцы. Пра свой дзень нараджэння кажа, што яму вельмі пашчасціла нарадзіцца 8 сакавіка. Хаця ў дзяцінстве з гэтым днём звязаныя і крыўдныя ўспаміны:

– Са святам 8 Сакавіка аднакласнікі віншавалі нашых дзяўчынак… і мяне. Таму нярэдка на паштоўцы з днём нараджэння ў мяне маглі быць мімозы і лічба 8. А потым яшчэ і на падарункі скідваліся, улічваючы мяне. Цяпер гэта смешна, а ў школе вельмі крыўдна было атрымаць у падарунак цюльпан або дзявочую касметыку.

Цяпер, прызнаецца Васіль, бачыць у сваім дні нараджэння толькі плюсы.

– Па-першае, ніхто не забываецца павіншаваць, а па-другое, мой дзень нараджэння – гэта жалезная адмазка ад надакучлівых паненак. Патлумачу: калі, напрыклад, 9 сакавіка мне тэлефануе чарговая сяброўка і кажа крыўдліва: “А чаму ты мяне на павіншаваў?” – я тады адказваю: “А ты мяне чаму не павіншавала?”

У сям’і ў Васіля таксама прынята спачатку віншаваць яго.

– Восьмага сакавіка, калі збіраюцца госці да мамы, у першую чаргу ўсё адно віншуюць мяне. Яна не крыўдзіцца. Хаця ў нас у сям’і атрымалася так, што сыны адабралі два святы ў мамы. Я нарадзіўся 8 сакавіка, а малодшы брат акурат на матулін дзень нараджэння.

У паліклініцы, дзе працуе Васіль Юркоўскі, 8 сакавіка, як кажуць ягоныя калегі-дактары, “паляну” накрываць будзе Васіль. І віншаванні ўсе ў першую чаргу яму. 

– Як звычайна, на кожнай рабоце адно і тое ж,  – пагаджаецца Васіль Юркоўскі.