Дарога – гэта стан душы, светаўспрыманне, а не дасягненне запланаванага пункта на карце.
Менавіта такога падыходу трымаюцца героі спецыяльнай рубрыкі “ў Дарозе”, якую распачала арганізатар і аматар ванровак Воля Трубач.
У гэтай рубрыцы аўтар не будзе даваць справаздачы аб паходзе, у фокусе яе ўвагі – чалавек “у Дарозе”.
Рубрыку пачынаем расповедам пра турызм у жыцці двух жыхароў нашага рэгіёна.
Турызм і аматарскі веласпорт дапамагаюць загартавацца
Аляксей Сабельнікаў “у Дарозе” пяць год, актыўны ўдзельнік суполкі ў сацыльных сетках “Вела-Смаргонь”. Такім спосабам вывучае родную Смаргонь і яе ваколіцы, Беларусь. Быў у Малдове і ва Украіне.
– Турызм і аматарскі веласпорт – мае любімыя заняткі, – дзеліцца Аляксей. – Яны дапамагаюць мне загартавацца, праявіць сябе ў складанай сітуацыі. Толькі ўявіце, вы ў зімовым лесе, на вуліцы -20, ісці яшчэ далёка, а ў заплечніку замест тушанага мяса і чаю толькі грошы. У такіх умовах сапраўды выпрабоўваецца сіла духу чалавека.
Аляксей заўважае, што без падрыхтоўкі нельга сесці на ровар і паехаць на далёкія адлегласці.
– Трэба паклапаціцца пра рыштунак, фізічна падрыхтаваць сябе да падарожжа, – раіць турыст са стажам. – Пачаць можна з паходу на невялікія адлегласці ў некалькі дзён.
Хадзіць у паходы Аляксей раіць усім. Напрыклад, у марафоне “Налібокі” ў 2013 годзе ўдзельнічала маладая пара з двухгадовым дзіцем.
– Часта ўспамінаю гісторыю знакамітага расійскага велавандроўніка Георгія Ганчарова, – працягвае Аляксей. – Яму тады было 75 гадоў, калі ён здзейсніў велапаход вакол Аўстраліі.
За 87 дзён мужчына прайшоў адлегласць у 12 тысяч 600 кіламетраў.
Такое часам не пад сілу 30-гадовым мужчынам. Гэта сапраўдны подзвіг, на маю думку.
Людзі не ведаюць месцаў, дзе жывуць
Аляксей Сабельнікаў здзіўляецца таму, што многія бавяць свой вольны час, лежачы на канапе. Калі і выязджаюць на прыроду, то ў людныя месцы, з горамі смецця. Ён жа прыхільнік актыўнага адпачынку.
– Аднойчы да мяне прыехалі знаёмыя з Мінска, – расказвае велавандроўнік. – Папрасілі паказаць наваколле Смаргоні. Мы праехалі каля 100 кіламетраў. Убачылі Вілію, шыкоўныя лясы, палі. Я ўпэўнены, што многія смаргонцы не ведаюць гэтыя мясціны, абмінаюць іх.
Горы – мая рэлігія
Інструктар-метадыст маладзечанскага турыстычнага клуба “Пілігрым” Іна Высоцкая, “у Дарозе” 28 гадоў.
– Турызм навучыў мяне верыць у свае сілы, а гэта якасць дапамагае мне штодзень, – дзеліцца досведам жанчына. – Падчас вандровак можна навучыцца назіраць за псіхалогіяй чалавека.
Часам у некаторых людзей выяўляюцца тыя якасці характару, пра якія не думаў і сам чалавек.
Таксама вандроўнікі атрымліваюць для сябе новы досвед.
Жанчына раіць хадзіць у паходы моладзі, каб паспрабаваць свае сілы. Яна шкадуе, што пачала займацца турызмам пасля ўніверсітэта, а не раней.
Іна Высоцкая была кіраўніком паходаў у Казахстан, Туркменію, Карэлію, на Паўднёвы Урал, Каўказ, Крым, Карпаты.
Сваім крэдам Іна лічыць цытату турыста Анатоля Букрэева: “Горы – гэта не стадыёны, дзе я задавальняю свае амбіцыі, горы – гэта храм, дзе я вызнаваю маю рэлігію”.