Зінаіда Каханоўская

ВІДЭА Жонка Генадзя Каханоўскага: пра яго цяжкае дзяцінства, пра сямейныя “гыр-гыр”, пра бясконцыя вяселлі

– Зіначка, глянь, колькі кветак я сёння прынёс! – у двары з’яўляецца шчаслівы Генадзь Каханоўскі з вялікім ахапкам кветак. Ён вяртаецца з чарговай сустрэчы, радасны, усміхаецца. Кветкі любіў вельмі-вельмі. І з кожнага падарожжа прывозіў насенне. У доме ў вялізнай падлогавай вазе ўвесь час стаялі каласы ці валошкі.

І цяпер летам расце безліч кветак ля дома, дзе жыў Генадзь Каханоў­скі. Ён пайшоў з жыцця 21 год таму.

Як і пры Генадзю Аляксандравічу, за кветкамі даглядае дачка Таццяна і жонка, Зінаіда Пятроўна:

– Заўсёды мужа называла Геначкам. А ён мяне ва ўспамінах Зіначкай назваў, – вочы Зінаіды Пятроўны напаўняюцца слязьмі. – Дасць бог, Саша (сын Генадзя Каханоўскага) кнігу пра бацьку напіша. Даўно ўжо пра гэта марыць. Вось скончыць доктар­скую дысертацыю − і напіша.

Знаёмыя мы з Генам былі ўсё жыццё, з адной вёскі Дамашы. Гена сябраваў з маім братам, часта ў госці прыходзіў. Шкадавала мая сям’я Геначку. Яны ж жылі бедна, цяжка. У Гены з маладосці здароўя не было, вельмі худзенькі быў, але заўсёды вясёлы, жыццярадасны.

Гаспадаром ён фактычна не быў. Я і дзяцей выхоўвала, і бацькоў сваіх даглядала, на працу хадзіла. Гена мне толькі аднойчы сказаў: “Не так мы з табой, Зіначка, дзяцей выхавалі”. Меў на ўвазе тое, што сумленнаму чалавеку ў нашым свеце жыць цяжка.

 А сам быў вельмі сумленным. Мог нават заплакаць, калі бачыў, што робіцца нейкая несправядлівасць. І смяяўся заўсёды шчыра, да слёз. Мог аж захліпацца.

Бывала, што сварыліся. Сам Геначка гаварыў, што ж гэта за жыццё, калі ў сям’і паміж мужам і жонкай няма гыр-гыр. Памятаю, як дачка Таня, калі бачыла, што я пакрыўдзілася і выходзіла на кухню, брала бацьку за руку і вяла да мяне. Гена тады па­чынаў смяяцца, і мы мірыліся, – з’яўляецца на твары ў жанчыны лёгкая ўсмешка.

Акрамя таго, што Генадзь Каханоўскі быў гісторыкам, краязнаўцам, ён быў яшчэ выдатным… тамадой.

– У шафе да сёння ляжыць вялікі стос ручнікоў, якія засталіся ад усіх вяселляў, куды Гену запрашалі сватам. Толькі ён так прыгожа, па-беларуску, мог павіншаваць жаніха з нявестай, – упэўнівае Зінаіда Пятроўна.

Генадзь Аляксандравіч для многіх пар быў талісманам. Яго запрашалі ў ЗАГС віншаваць маладых. Пары самі прасілі, каб на вяселлі быў Каханоўскі. Знаёмыя адзін­ аднаму расказвалі, што, калі павіншуе Генадзь Аляксандравіч, то такія пары будуць жыць шчасліва.

– Быў месяц, калі мы кожны тыдзень хадзілі на вяселле. Дзеці нават прасілі, каб мы пабылі з імі, засталіся дома. А дома вельмі рэдка даво­дзілася бываць толькі сваёй сям’ёй. Увесь час у нас былі нейкія госці. Бывала, раніцай, у ня­дзельку, толькі ўстанеш, пойдзеш на кухню, а ў хаце ўжо поўна народу. Даводзілася сняданак гатаваць на ўсіх. Я часам нават абрусы мыць не паспявала.

Генадзя Каханоўскага не стала ў студзені 1994 года. Яму было 58 гадоў.

– Апошні дзень Геначкі памятаю вельмі добра. Ён увесь дзень пытаўся ў нас з дачкой: “Дзе Саша? Ці хутка прыйдзе Саша?” А Саша быў на працы. Калі прыехаў, сеў на канапу побач з бацькам, я села па другі бок. Дачка Таня сядзела насупраць. Так ён і памёр у нас на руках. Якім быў Геначка? Ён быў святым чалавекам. Інакш не магу сказаць. Вёску любіў, бабулек любіў. Заўсёды на вуліцы з суседкамі павітаецца, пагутарыць. Людзей любіў, выступаць перад людзьмі.

Аднойчы Генадзя Каханоўскага запрасілі выступаць на з’ездзе беларусаў свету. З’езд той два дні быў. Дамовіліся, што ў першы дзень Генадзь выступіць, а на другі не паедзе. Хворы ён быў. Аднаго адпускаць баяліся. Паехала Таццяна з ім.

– А назаўтра мы з дзецьмі паехалі ў чарніцы. Генадзь дома застаўся. Вярнуліся – няма бацькі ў хаце. Як мы перапужаліся!

Аказалася, што яму патэлефанавалі і вельмі прасілі быць на з’ездзе. Не мог ён адмовіць нікому.

І сёння, праз 20 год, Зінаіда Пятроўна плача, калі гаворыць пра мужа:

– Я гадоў сем пасля пахавання не жыла. Проста існавала на аўтамаце. Калі дужэйшая была, на могілкі ездзіла кожны дзень. Крычала на ўсю моц. Сёння Геначка, хоць рэдка, але прыходзіць у снах. Сны тыя светлыя. У іх я звычайна раюся з Геначкам, прашу парады, як і пры яго жыцці.

Надзея Харашэвіч

ВІДЭА Жонка мастака Кастуся Харашэвіча: як віншаваў з 8 Сакавіка, як выбіваў майстэрні, як ад болю ўтапіў карціны

Калі Надзея Харашэвіч вучылася завочна ў інстытуце, Кастусь Іванавіч з сынам Алегам чакалі маму на балконе: “Ну, як адвучылася?”. Надзея Рыгораўна паказвае пяць пальцаў. “Як жа яшчэ магло быць, гэта ж наша матуля!”

Кастуся Харашэвіча, аднаго з найстарэйшых мастакоў Маладзечаншчыны, не стала ў ліпені 2013 года, калі яму было 86 год. Але яго жонцы Надзеі Рыгораўне і цяпер падаецца, што вось ён зараз зойдзе ў пакой.

− Пра мужа я многа чаго магу расказаць, а пра сябе… ну што пра сябе? Я была проста яго жонкай, – пачынае размову Надзея Харашэвіч.

Яны пазнаёміліся, калі працавалі ў адной школе. Кастусь Іванавіч дапамагаў маляваць зорачкі, якія пасля наклейвалі тым, хто запар атрымаў пяць пяцёрак.

− Настаўнікі заўважылі, што зорачкі маляваў толькі мне. Праз два месяцы пасля вяселля жылі ў нейкай прыбудове ў кепскіх умовах. Прыходжу з працы на 8 сакавіка. А Косця ўзяў недзе шпалеры і зрабіў вялікі плакат-віншаванку. А чым ён мяне пакарыў? Напэўна, сваёй прастатой. Хаця ў мяне вышэйшая адукацыя, а ў яго мастацкая вучэльня, ён быў нашмат разумнейшы за мяне. Некаторыя хлопцы імкнуцца паказаць сябе як мага лепшымі, з імі лішняе слова баішся сказаць.  Ён жа – свой, з ім заўсёды было лёгка, проста. Вось ён такі.

Кастусь Іванавіч ганарыўся сваёй жонкай, яе поспехамі ў вучобе. Калі вучылася, трэба было і з сынам пабыць, і павучыцца. Мастак таксама многа працаваў.

− Шэсць гадзін раніцы – яго няма. Я збіраю сняданак і нясу ў майстэрню. Вечарам мог і да дзесяці працаваць. Толькі днём прыходзіў адпачыць хвілін сорак. Пасля трэцяга інфаркту ён працаваў менш, але працаваў. За апошнія два месяцы на лецішчы напісаў каля 20 работ.

Надзея Харашэвіч захапляецца працаві­тасцю мужа:

− Я паважала яго любоў да Радзімы, сваёй Беларусі. Заахвочвала яго апантанасць. Люблю яго работы. На некаторыя гляджу і думаю: “Вось я ж тут была”, мне так і іншыя гавораць. Ён ніколі не ведаў, якая ў яго пенсія, толькі прасіў адкласці пэўную суму на фарбы. Некалі прапанавала выгадна два касцюмы набыць − не, “мне лепей фарбы”. Па доме нічога не прымушала рабіць, аберагала пасля інфарктаў. Працаваў над карцінамі без выхадных, а калі ўжо вырашаў адпачыць, то рыбачыў, асабліва на Нарачы любіў, на возеры Рудакова. Іграў амаль на ўсіх музычных інструментах. А як іграў, вам не расказаць! Такая музыка лілася!

Надзвычай цяжка перажывала сям’я трагедыю, калі іх сын пайшоў з жыцця.

− Косцю было каля 60 год. Здарыўся першы інфаркт. Ён частку сваіх работ утапіў у рэчцы. Пасля рэанімацыі, калі мы з ім былі ў палаце, ён даказваў, што жыццё закончанае. Угаворвала ў памяць сына наладзіць выставу, таму што сын ганарыўся, што бацька мастак. Яму было цяжка хадзіць, я вадзіла ў паліклінікі, прымушала жыць. Толькі дзякуючы такой настойлівасці змагла яго падняць. Мне таксама было вельмі цяжка. Але я была сярод людзей, яшчэ працавала ў школе. А ён заставаўся адзін. Два тыдні ляжаў і не ведаў, якое надвор’е. Добра, калі за дзень прымушала слоічак смятаны з’есці. Толькі ўгаворы, што сын марыў прывесці на выставу сваіх сяброў, змаглі яго падняць. Той перыяд дапа­магло пера­жыць і лецішча − іншая абстаноўка, прырода.

Надзея Рыгораўна паважае і тое, як Кастусь Іванавіч клапаціўся пра агульныя справы, пра іншых людзей.

 − Мне крыўдна за яго. На кожнай імпрэзе яго запрашалі першага выступаць. Ніколі не пісаў чарнавік, адразу меў, што добрага сказаць. Дзякуючы яму ў Маладзечне пачала працу мастакоўская студыя, у яго столькі вучняў. Усе здзіўляліся, што ў невялікім горадзе столькі мастакоў. Ніхто не абіваў парогі, каб мастакам выдзелілі майстэрні, толькі Косця. Усё гэта адбірае нервы, а ён адказваў: “Хто, калі не я”.

Першую майстэрню ён аддаў Пашкевічу, другую Герасіменку і толькі трэцюю ўзяў сабе.

Але гарвыканкам падмануў Косцю. Перавялі яго ў іншую майстэрню, абяцалі, што там будуць усе ўмовы. А на справе там восем градусаў, халадзіна. Гэта моцна падкасіла здароўе. Добрымі словамі ўзгадваю былую загадчыцу аддзела культуры Надзею Сідарэнку. Цяпер увага да мастацтва, на жаль, знікае.

Жонка мяркуе, што памяць Харашэвіча сла­ба  ўшанаваная.

− Няўжо горад не можа ацаніць тое, што зрабіў Харашэвіч? Мне цяпер вельмі цяжка без яго. Некаторыя раяць прадаваць яго карціны, але я не магу. Ён тут, у сваіх работах. Цяпер я разумею, што сям’я – самае галоўнае ў жыцці, варта было больш часу право­дзіць з сынам і мужам.