Сёлета сакавік будзе больш цёплым, чым звычайна, ападкі – каля кліматычнай нормы. Тэмпература паветра будзе  вышэйшая за кліматычную норму. 

Пра гэта паведаміў начальнік службы гідраметэаралагічных прагнозаў Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Дзмітрый Рабаў

На наступным тыдні, 16-17 сакавіка, надвор’е будзе спрыяльнае, будзе свяціць сонца, тэмпература днём ад +5 да +10, месцамі да +12.

Паводле папярэдніх звестак, 20 сакавіка надвор’е сапсуецца, да краіны падыдзе цыклон, чакаюцца ападкі.

Паводле слоў Дзмітрыя Рабава, тэмпература паветра ў першай дэкадзе сакавіка была на 6-8 градусаў вышэйшая за кліматычную норму. Так цёпла ў першай дэкадзе сакавіка бывае прыкладна адзін раз на 15-20 гадоў. Ападкаў выпала 97% ад нормы, але яны размяркоўваліся нераўнамерна, больш за ўсё – па Магілёўскай вобласці.

Начальнік службы гідраметэаралагічных прагнозаў зазначыў, што студзень сёлета быў даволі вільготны, а люты – вельмі сухі. Такі люты бывае прыкладна адзін раз на 12 гадоў.