Сустрэцца з сябрамі і весела адпачыць, перапіць і ванітаваць за вуглом ці ўспомніць маладосць пад хіты 90-х – чым жывуць начныя клубы Маладзечна, хто іх наведвае і як выбраць той, які падыхо­дзіць вам.

Адказы на гэтыя пытанні шукалі карэспандэнткі “РГ” у ноч з 7 на 8 сакавіка, параўнаўшы тры начныя клубы ў Маладзечне.

23:30 – 01:00 “Клаб”: канцэрта па заяўках не чакайце

У падарунак на 8 Сакавіка “Клаб” прапанаваў бясплатны ўваход для дзяўчат да апоўначы. Нягледзячы на гэта, да 12 ночы ў клубе амаль нікога няма і зусім ніхто не танцуе.

Пасля 12 літаральна за 10-15 хвілін зала напоў­нілася, моладзь па­чала танцаваць.

Наведніца клуба Маргарыта расказвае пра рытм начнога жыцця:

−  Я сама з вёскі, і калі ў нас спрабавалі зачыняць клуб раней на некалькі гадзін, у людзей пачынаў уключацца “даганятар”. Хлопцы і дзяўчаты сядзелі ў дварах, пілі. Навошта вымушаць ісці да гэтага. У клубе ж моладзь пад наглядам міліцыі, ахоўнікаў. Я не хачу, каб клубы пачалі зачыняцца раней.

Па дзяўчатах відаць, што вечар правялі ля люстэрка: макіяж, уклад­кі, прадуманае адзенне. Хлопцы яўна доўга галаву не ламалі: хто ў кашулі, хто ў пінжаках на майкі, у спартыўным касцюме.

Адзін хлопец танцуе ў шарсцяным паласатым світары. Наташа адразу вызначае: “Ну, з Вілейкі, напэўна, прыехаў”. Пытаемся – сапраўды, малады чалавек з сябрамі час ад часу прыязджае з Вілейкі менавіта ў “Клаб”, таму што тут падабаецца музыка.

У наведнікаў “Клаба” мы пытаемся, ці рэальна знайсці пару ў начным клубе. І хлопцы, і дзяўчаты адказваюць, што прыйшлі сюды не па знаёмствы, а проста патусавацца з сябрамі. Толькі адзін малады чалавек кажа, што пазнаёміўся з дзяўчынай менавіта ў “Клабе” і цяпер яны два гады, як сустракаюцца.

Галоўнае для ўсіх наведнікаў – якасныя гук і музыка.

Ды-джэй Яўген прызнаецца, што часам мужчыны за 30 просяць паставіць хіты 90-х, найчасцей песні гурта “Ляпіс Трубяцкі”. Даводзіцца адмаўляць: гэта не ў правілах “Клаба”.

Каля гадзіны ночы мы мяняем клуб. На ўваходзе шмат людзей. Адміністратарка Дар’я кажа, што цяпер у клубе каля 400 чалавек, але людзі падцягваюцца і ў тры-чатыры ночы. Да раніцы можа быць 700-800 наведнікаў, як і ў іншыя дні.

01:00 – 02:15 ”Стэлс”: Тут дзяўчаты папрасцей

Непадалёк ад увахода ў клуб на стаянцы некалькі хлопцаў сядзяць у машыне і п’юць гарэлку. Яно і зразумела: у клубе за цану паўлітровай пляшкі купіш толькі адзін кактэйль з 50 грамамі алкаголю.

Як і ў “Клабе”, пашпарты ў нас ніхто не пытаецца. З парога трапляем у шчыльную дымавую заслону цыгарэтнага дыму.

Здаўшы курткі ў гардэроб, ідзём да прыбіральні.

З яе якраз пад рукі хлопцы выносяць перапіўшую дзяўчыну, садзяць на лаўку курылкі, што мяжуе з гардэробам і туалетам. Дзяўчыне падстаўляюць сметніцу, каб званітавала, знаёмыя цесным колам абступілі яе. Кураць і дзьмуць ёй у твар, каб ачуняла.

Падыходзіць міліцыянер, прапаноўвае выклікаць “хуткую дапамогу”.

Падымаемся да танц­пляцоўкі. Цесна, сесці няма дзе, падысці да барнай стойкі ніякіх шанцаў, ды і не хочацца: заваленая пустымі чаркамі і келіхамі, якія ніхто не прыбірае.

Нам шанцуе: акурат пачынаецца так распіяраная ў сацыяльных сетках забаўляльная праграма. На сцэну запрашаюць чатырох дзяўчат.

− Што павінна ўмець дзяўчына? – пытаецца вядучы, які называе сябе МС Гары Потэр. − Вядома, − адказвае ён сам сабе, – задавальняць мужчыну! Кожнай з вас трэба патанцаваць, паказаўшы сваю “Ж…” – жаноцкасць.

Пакуль дзяўчаты танцуюць, МС Гары Потэр адпускае пошлыя каментары з мацюкамі.

Вызначылі дзвюх пераможцаў, якія найлепш трэслі сваёй “Ж…” – жаноцкасцю. Цяпер запрашаюць мужчыну з залы, прышпільваюць яго рукі рамянём да шаста. Вядучы − дзяўчатам:

− “50 адценняў шэрага” чыталі? Фільм глядзелі? – і пошла жартуе на тэмы сада-мазахісцкіх сэксуальных схільнасцяў галоў­ных герояў рамана. − Тады вы ведаеце, што рабіць.

Дзяўчаты круцяцца вакол шаста і труцца аб хлопца задніцамі. Зала выбрала дзяўчыну, якая зусім не адпавядае стэрэатыпам пра сэксуальны вобраз у начным клубе: без абцасаў, у джынсах і шырокім балахоне. Дзяўчына атрымлівае прыз: пляшку алкаголю і прыватны танец стрыптызёра ў касцюме каўбоя. Стрыптызёр зрывае з яе балахон, расшпільвае станік, спрабуе яго зняць. Дзяўчына не дазваляе, трымае яго рукамі. Надыходзіць кульмінацыя. Стрыптызёр амаль голы выкручваецца на шасце ля дзяўчыны, хапае яе руку і засоўвае сабе ў трусы.

Пакідаючы клуб, на лесвіцы гутарым з хлопцамі, якія не глядзелі шоу:

− Мы сюды ходзім з дзяўчатамі знаёміцца, яны тут папрасцей.

Дзяжурны міліцыянер дзеліцца ўражан­нямі ад начнога клуба:

− Па графіку выпадае дзяжурыць раз на месяц. Кожны раз здзіўляюся таму, што тут адбываецца. У мяне дачка такога ўзросту, таму я вельмі баюся, што яна можа гэтак жа бавіць час. Вельмі страшна назіраць за п’янымі дзецьмі, якім толькі споўнілася 18 год.

02:15 – 03:45 “Я цябе ўспомніў” у “Магніце”

“Магніт” − адзіны з трох клубаў, дзе ў святочную ноч уваход для дзяўчат платны. На першым паверсе холадна і непрыемна пахне: дзверы ў прыбіральню расчыненыя.

У танцавальнай зале вельмі цёмна. Малады мужчына схапіў руку Наташы, пацалаваў ручку, абняў і горача павіншаваў з 8 Сакавіка. Па дарозе ў бар раптоўна адна з жанчын спыніла Зою, паклала свае рукі ёй на плечы і закрычала: “Чаго ты пужаешся, з 8 Сакавіка!!!”

Магніт. Фота з суполкі vk.com.

Магніт. Фота з суполкі vk.com.

Магніт. Фота з суполкі vk.com.

Магніт. Фота з суполкі vk.com.

Магніт. Фота з суполкі vk.com.

Магніт. Фота з суполкі vk.com.

У бар вядзе стромкая лесвіца, якая можа стаць сур’ёзнай перашкодай для наведнікаў начнога клуба.

Вывучаем меню. Барменша адразу папярэдзіла, што таннага шампанскага за 114 тысяч рублёў няма, ёсць толькі за 230 тысяч за бутэльку. Мы папрасілі чаю. Чай нам налілі ў тры кубкі, кожны з розных сервізаў.

Займаем столік ля ўвахода ў бар, як раптам ля нашага століка прытарможвае мужчына ў майцы з расійскім гербам і надпісам “Расія”. Пытаемся, як ён апынуўся тут:

− Жыву 40 дзён тут, 40 – у Петразаводску. Тут інтэрнат у мяне. Я будаўнік.

Мужчына некалькі секунд глядзіць на Насцю і выдае:

− Я ця ўспомніў, − і вяртаецца ў танцавальную залу.

У бар заходзіць прадавачка і прапануе набыць ружы, каб павіншаваць жанчын з 8 Сакавіка.

Падсаджваемся да суседняга століка. За ім размясцілася кампанія са Смаргоні: хлопец са сваёй дзяўчынай і цвярозы кіроўца:

− Са Смаргоні сюды вядзе вельмі зручнае Т-падобнае скрыжаванне. Да гэтага былі ў “Стэлсе”, пабылі трохі, але там надта шмат людзей, не развярнуцца. Хацелася б, каб клубы працавалі не да пяці, а да сямі раніцы.

Клубы могуць пачаць зачыняцца раней

Маладзечанскі райаддзел міліцыі звярнуўся ў райвыканкам, каб той прыняў рашэнне не дазваляць працаваць начным клубам пасля трох гадзін ночы. Пра гэта “РГ” распавёў начальнік міліцыі грамадскай бяспекі Маладзечанскага РАУС Аляксандр Кісель. Пра тое, ці будзе прынятае такое рашэнне, чытайце ў наступных нумарах “РГ”.

 

“Клаб”

“Стэлс”

“Магніт”

Музыка,
праграма
Новыя хіты і музыка 5-10-гадовай даўніны кшталту “SexyBack” Джасціна Цімберлэйка, якія падабаюцца многім і прайшлі выпрабаванне часам. Клубная музыка, песні Макса Каржа, “Раёны, кварталы” гурта “Звяры”. Нагадаў школьную дыскатэку: расійскія хіты 90-х кшталту “Ту-лу-ла” Чычэрынай і “Видели ночь” гурта “Воплі Відоплясова” змяняліся “медлякамі” кшталту “Don’t speak”. Адзінае месца, дзе пачулі “медлякі”.
Атмасфера Стылёва і чыста, свабодна, хапае месцаў для сядзення. Вялікая барная стойка размешчаная ў цэнтры залы, да яе зручна падысці. Брудна, цесна, цяжка дыхаць, моцны пах цыгарэт. Не хапае месцаў, каб пасядзець, на некаторых лаўках спяць п’яныя. Даўно патрабуе рамонту, на сценах плямы і пырскі ад напояў.
Сэрвіс Ненавязлівы і прыемны, ветлівыя ахоўнікі.  Бармены хутка абслугоўваюць, робяць прыгожыя кактэйлі. Найбольш непрыемнае ўражанне пакінуў вядучы конкурсу, які дазваляў сабе нецэнзурныя выразы, безгустоўныя пошласці і плоскі гумар. Адзіная ўстанова, дзе 8 сакавіка для дзяўчат быў платны ўваход – 55 тысяч рублёў. Адзіны бонус − у тры гадзіны ночы наведнікам прапанавалі ружы, каб павіншаваць жанчын.
Аўдыторыя
(пераважна)
Студэнты ВНУ, якія прыехалі дадому на выхадныя. Сярэдні ўзрост − 20-22 гады. Навучэнцы каледжаў і жыхары інтэрнатаў. Узрост−18-27 год. Пасля 25 год.
Прыбіральня Сучасны рамонт, шмат кабінак, вялікае люстэрка, ёсць мыла і папера, прыемны пах. Дзве кабінкі, адбітая плітка, заўсёды чэргі, цесна, ёсць мыла і папера. Прыбіральня адразу побач з уваходам, гардэробам і курылкай. Прыбіральня непадалёк ад увахода, непрыемны пах чуваць па ўсім першым паверсе. Брудна, адна кабінка, няма паперы, перапоўненая сметніца.
Рэйтынг
(месца)
1 3 2