Ёсць сведчанні, што падобныя трафеі выкарыстоўвалі для сувеніраў і прэзентавалі вышэйшым чынам СС.

Расказвае намесніца дырэктара па навуковай рабоце Мінскага абласнога краязнаўчага музея ў Маладзечне Наталля Палтавец.

Ланцужок для гадзінніка з жаночых валасоў захоўваецца ў фондах музея ад 1961 года. Яго перадаў былы вязень нямецкіх канцлагераў Леў Конан.

Ён ураджэнец Докшыцкага раёна. Падчас Другой сусветнай вайны ваяваў на тэрыторыі Поль­шчы. Там трапіў у палон да немцаў. Ад 1939 года яго перакідвалі з аднаго канцлагера ў другі. У красавіку 1945 года канцлагер, у якім ён быў, вызвалілі амерыканскія вайскоўцы. Калі вяртаўся ў Беларусь, прывёз з сабой ланцужок з валасоў для гадзінніка.

Рэчы з валасоў выкарыстоўвалі як сувеніры

Як расказвае Наталля Палтавец, яго блізкія не распытвалі падрабязна, што адбывалася з мужчынам у канцлагерах. Ведалі, што такія ўспаміны для яго непрыемныя. Не вярэдзілі душэўныя раны. Таму звестак не захавалася.

Ланцужкі з валасоў плялі ў Бухенвальдзе – адным з буйнейшых лагераў смерці на тэрыторыі Германіі. Верагодна, што менавіта адтуль ланцужок і трапіў у Мінскую вобласць.

Чалавечая галава памерам з кулак

Падчас Нюрнбергскага працэсу Савецкі Саюз прывёў доказы бесчалавечных адносінаў гітлераўскай Германіі да вязняў канцлагераў. У доказ гаварылі пра тое, што ў нямецкіх канцлагерах выраблялі сувеніры з  частак чалавечага цела.

Так, напрыклад, знайшлі чалавечую галаву, зменшаную да памераў мужчынскага кулака. Яна была абрамленая ў мармуровую падстаўку.

Для падобных сувеніраў пераважна выкарыстоўвалі людзей са светлымі валасамі і блакітнымі вачамі.

Існавала галіна па перапрацоўцы чалавечага цела

У  Данцыгу ў Германіі існаваў навукова-доследны цэнтр. З чалавечага тлушчу варылі мыла. Са спаленых астанкаў чалавека рабілі ўгнаенні. Скура ішла для галантарэйных вырабаў, з яе рабілі абгорткі для кніг, туфлі і нават пінжакі.

Таксама валасамі набівалі матрацы, выкарыстоўвалі ў нямецкіх падводных лодках, танках.

У выніку даследаванняў у навукова-доследным цэнтры прыйшлі да высновы, што чалавечае цела ўтрымлівае ад сямі да васьмі літраў вады, тлушчу – на дзевяць кускоў мыла, вугляроду – на дзевяць тысяч алоўкаў, фосфару – на 2200 галовак запалак, жалеза – на адзін цвік сярэдніх памераў.

Ланцужок для гадзінніка, зроблены з жаночых валасоў, можна бу­дзе ўбачыць у краязнаўчым музеі ў красавіку на выставе, якая адкрыецца да 70-годдзя Перамогі. На ёй будуць прадстаўленыя стралковая зброя, амуніцыя, ваенныя дакументы, салдацкія кніжкі, савецкія ўзнагароды Герояў Савецкага Саюза Фёдара Маркава і Андрэя Валынца.

Немцы падраблялі газеты

Можна будзе пагля­дзець нямецкія прапагандысцкія выданні, лістоўкі, якія агітавалі лю­дзей ісці служыць у паліцыю, плакаты “Раздавім фашысцкую гадзіну”, нумары “Савецкай Беларусі”, якія выдавалі немцы:

– Звонку газета выглядала, як і звычайна, тыя ж самыя загалоўкі, афармленне, – расказвае Наталля Палтавец. – Аднак у самім тэксце была нямецкая прапаганда. Гэта часта падманвала мясцовае насельніцтва.

На выставе будзе пісталет у кабуры Мікалая Андрыякіна, які знайшлі ў Чысцінскіх балотах. Таксама рэшткі яго самалёта. Хірургічная сумка партызанскага хірурга Наталлі Мацісон. Рэчы генерала Івана Ляцецкага, які вызваляў Маладзечна і Барысаў. Яго генеральскі планшэт захоўваецца ў фондах музея ў  Маладзечне, а вось мундзір – у Барысаве. Гэтыя рэчы нарэшце аб’яднаюцца ў час выставы.

Даведка “РГ”. Нюрнбергскі працэс – міжнародны суд над былымі кіраўнікамі гітлераўскай Германіі. Ён ішоў амаль год ад 20 лістапада 1945 года да 1 кастрычніка 1946 года ў Міжнародным ваенным трыбунале ў Нюрнбергу (Германіі). Усяго былі праведзеныя 403 судовыя слуханні.