Ад выпускных урачыстасцяў сёлета застанецца толькі ўручэнне атэстатаў і канцэрт. Працягу вечара ў школе з тортамі і гарбатай не будзе.
Каментуе першая намесніца начальніка ўпраўлення адукацыі Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Жанна Варабей:
– Не трэба рабіць упор на нейкае святкаванне за сталом. Галоўнае ў выпускным балі – гэта ўрачыстасць. Атрымаць атэстат з рук дырэктара школы, паглядзець канцэртную праграму, патанцаваць у прыгожай сукенцы з аднакласнікам. А тое, што не будзе застолля ў школе, я лічу, што гэта правільна. Ніхто не забараняе пасля выпускнога бацькам і дзецям схадзіць у кавярню або адзначыць свята так, як захочацца ім.
У Вілейскім аддзеле адукацыі пракаментавалі гэта так:
– Урачыстую частку ў школе ніхто не адмяняў. Будзе ўсё: і ўручэнне атэстатаў, і песні, і танцы. Усё астатняе – як і па ўсёй вобласці.
Намесніца начальніка Смаргонскага аддзела адукацыі Іна Савіцкая:
– У нас ніякіх застолляў у школах не праводзіцца ўжо некалькіх гадоў. Гэты год таксама не выключэнне. А калі бацькі самі захочуць узяць на сябе адказнасць за працяг урачыстастяў – гэта іх права. Школы да гэтага ніякага дачынення мець не будуць.
У сёлетніх выпускнікоў сваё меркаванне на гэты конт:
– Вядома ж, я зусім не рады, бо мы не адчуем той атмасферы, якой хацелася б. Я марыў, што, калі закончу школу, раніцай буду сустракаць світанак у двары школы, як мой старэйшы брат. Але, відаць, не лёс, – кажа выпускнік 12 школы Маладзечна Віталь Кірзяёнак.
– А я не моцна перажываю. Усё адно на школьны выпускны не заставалася б. І справа не ў грошах. Я толькі адзін год вучуся ў новай школе. Тут для мяне ўсе чужыя. Таму я ўжо змірылася з тым, што выпускнога ў мяне не будзе, – гаворыць Караліна Падрэз з 4-й школы Маладзечна.
Лізавета Чуйкевіч, выпускніца маладзечанскай СШ №4:
– Я вельмі незадаволеная тым, што ў гэтым годзе будзе толькі ўрачыстая частка. Школьны выпускны – гэта памятная падзея. Таму вельмі б хацелася, каб усё вярнулі на свае месцы і быў працяг пасля ўрачыстай часткі.
Міліцыя будзе дзяжурыць у звычайным рэжыме
Начальнік міліцыі грамадскай бяспекі Маладзечанскага РАУС Аляксандр Кісель кажа: “Ніякія застоллі ў школах афіцыйна не праводзяцца ўжо некалькі гадоў. Гэты год будзе такім жа, як мінулы. Міліцыя як дзяжурыла на ўрачыстасцях, прысвечаных выпускному вечару, так і будзе дзяжурыць у звычайным рэжыме.