Ад 23 да 29 сакавіка ў Мінску пройдзе прафілактычная акцыя “Разам за абарону жыцця, маральнасці і сямейных каштоўнасцяў”.
У жаночых кансультацыях не будуць рабіць аборты, а ў стацыянарах – толькі па медыцынскіх паказаннях.
У час акцыі пройдуць асветніцкія мерапрыемствы па прафілактыцы непажаданай цяжарнасці. Яны накіраваныя на фарміраванне ў жанчын бяспечных рэпрадуктыўных паводзінаў.
Плануецца, што далей эстафету пяроймуць у рэгіёнах
Галоўны акушэр-гінеколаг камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама Ірына Іканастасава адзначыла, што сёння ў медыцынскіх установах сталіцы праводзяць перадабортнае кансультаванне, у час яго з жанчынамі размаўляюць акушэры-гінеколагі, псіхолагі, а часам і прадстаўнікі царквы.
– Каля 7-8% пацыентак пераглядаюць сваё рашэнне, – адзначае спецыяліст. – У горадзе за апошнія 10 гадоў зменшылася колькасць абортаў.
Першая аналагічная акцыя прайшла ў Наваполацку і Полацку ў 2013 годзе. Тады чвэрць жанчын, якія планавалі аборт, захавалі цяжарнасць.