Паводле слоў начальніка аддзела клімату Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Алены Камароўскай, ад 1989 года ў краіне назіраецца самае працяглае і інтэнсіўнае за гісторыю назіранняў пацяпленне.
За гэты перыяд сярэдняя тэмпература паветра вырасла практычна ў кожным месяцы, але найбольш прыкметна – у зімовыя і вясеннія. Ад гэтага раней сыходзіць снег, тэмпература мае плюсавыя значэнні.
У сярэднім за 25 гадоў гэты пераход праходзіць на 10-15 дзён раней за звычайныя тэрміны.
На дэкаду раней пачынаецца вегетацыйны перыяд
Яго працягласць павялічылася ў сярэднім на 12 дзён. У перыяд пацяплення змянілася размеркаванне ападкаў па тэрыторыі краіны, павялічылася іх кантраснасць.
Змянілася нераўнамернасць іх выпадзення на працягу года. Паводле слоў Алены Камароўскай, у сярэднім за апошнія 20 гадоў ападкаў выпадала менш у красавіку, чэрвені і жніўні. Некалькі больш за норму ападкаў было ў лютым, сакавіку і кастрычніку. Памяншэнне ападкаў адзначана ў паўднёвай частцы краіны, а на поўначы, наадварот, – нязначны рост.
Колькасць дзён з ападкамі за перыяд пацяплення паменшылася са 175 да 167.