Вольга Юзапчук знікла ў мінулы чацвер, 12 сакавіка. Да сённяшняга дня яе месцазнаходжанне невядомае.
У панядзелак валанцёры пошукава-выратавальнага атрада “Анёл” праз суполкі ў інтэрнэце абвясцілі, што ўсе тыя, хто хоча дапамагчы ў пошуку Вольгі, могуць прыйсці да гандлёвага цэнтра “Модуль”.
А 16 гадзіне там сабралася каля 30 чалавек.
Каардынатар пошукаў Цімафей Дуброўскі раздзяліў усіх ахвотных дапамагчы на групы і накіраваў на пошукі дзяўчыны, раздаўшы кожнаму арыенціроўкі з прыкметамі зніклай Вольгі Юзапчук.
Пра 19-гадовую Вольгу Юзапчук вядома, што яна ў чацвер, у 6:20 раніцы, выйшла з дому ў Чысці, каб паехаць на вучобу ў Маладзечна. У гандлёва-эканамічным каледжы, дзе вучыцца Вольга, яна не з’явілася. Апошні раз яе бачылі ў чацвер каля 15:00 у гандлёвым цэнтры.
У арыенціроўцы паведамлялася, што Вользе патрабуецца пастаянны прыём лекаў.
Сярод людзей, што прыйшлі дапамагчы ў пошуках Вольгі, былі і яе сваякі, і сяброўкі-аднагрупніцы, і проста незнаёмыя людзі, што ўбачылі паведамленне ў інтэрнэце. Таксама далучылася група валанцёраў са Смаргоні.
Накіраваўшы групы на пошук па дварах, будоўлях, закінутых будынках, Цімафей Дуброўскі знайшоў час, каб адказаць на пытанне, з якімі цяжкасцямі падчас пошукаў сутыкаюцца валанцёры і добраахвотнікі.
– Асноўная цяжкасць у тым, што ў Беларусі да гэтага часу няма закона аб валанцёрах.
Гэта для нас закінутыя пабудовы і будоўля – аб’екты, дзе можа знаходзіцца зніклы чалавек, а для ўласнікаў – гэта іх прыватная тэрыторыя. Таму, бывае, і ў міліцыю паведамляюць, што па іх участках нехта ходзіць. Але з міліцыяй мы знаходзім паразуменне. Узаемная падтрымка – гэта вельмі важна. Мы з РАУС узаемадзейнічаем, і гэта вялікая палёгка для нашай справы.
– Вольгу прыйшло шукаць каля 30 чалавек, гэта шмат?
– Я мяркую, што бліжэй да вечара гэта колькасць падвоіцца. Адзінае, што палохае, гэта тое, што Вользе патрабуецца прыём лекаў, і тое, што час працуе не на нас.
Цімафея здзіўляе, што ў Беларусі сярод добраахвотнікаў у асноўным моладзь і падлеткі.
– Я працаваў і ў Расіі. Там шукаць зніклых людзей дапамагаюць пераважна дарослыя мужчыны, у многіх з якіх ёсць ваенная ці міліцэйская падрыхтоўка. Такія людзі, вядома, і больш заўважаюць, і ведаюць, як разгаварыць магчымых сведкаў.
Яшчэ адна цяжкасць, з якой сутыкаюцца валанцёры, – гэта адсутнасць сярод іх псіхолагаў.
– Уявіце, што, напрыклад, нехта з групы знаходзіць асабістую рэч зніклага чалавека. Пра гэта даведаюцца і яго сваякі. Вядома, для іх гэта стрэс. А побач няма псіхолага, які б у гэты момант знайшоў патрэбныя словы.
Але гэту праблему летам пошукава-выратавальны атрад плануе вырашыць тым, што яны запусцяць праграму “ Суправаджэнне сваякоў асоб, якія зніклі без вестак”. Падрабязней пра працу пошукава-выратавальнага атрада чытайце ў наступных нумарах “Рэгіянальнай газеты”.
Зніклую 19-гадовую навучэнку Вольгу Юзапчук знайшлі ў Гродне