Мужчына прабыў у вадзе (па яго адчуваннях) каля паўгадзіны. І невядома, што б было, каб не падаспела дапамога.

Адбылося гэта ўдзень 14 сакавіка на возеры Наўры ў Сваткаўскім сельсавеце. 49-гадовы мінчанін прыехаў сюды парыбачыць і праваліўся пад лёд.

Выратавалі яго два мядзельцы, якія прыехалі на выхадныя у вёску Наўры.

“Рыбак быў у метрах 30-40 ад берага”

Мікалай Амельяновіч пайшоў абразаць дрэвы ля дома. Праз моцны вецер данёсся нейкі крык. Паглядзеў у той бок: убачыў на возеры рыбацкую скрыню. А побач – чорную пляму. Зразумеў, што ў вадзе аказаўся чалавек.

Паклікаў Уладзіміра Кавалёнка. Паімчалі на машыне да возера. Не забыліся пра вяроўку: трэба ж падрыхтаванымі ехаць.

– Рыбак быў у метрах 30-40 ад берага. Лёд ужо слабы быў – на траціне возера зусім яго сарвала, – кажа Уладзімір.

Абодва асцярожна, дзе паўзком, падабраліся бліжэй да рыбака. Мікалай кінуў яму вяроўку.

– Ветрам яе зносіла, з разу пятага дакінуў, – прыгадвае ён.

– Рыбак нават зубамі за вяроўку ўхапіўся, бо рукі ўжо звяло, – дадае Уладзімір. – Пакуль цягнулі, расказаў ён, што з паўгадзіны прабоўтаўся ў вадзе. Крычаў, а ніхто не чуў: на возеры нікога не было.

 Рыбака выцягнулі на бераг, пераапранулі, занеслі ў машыну. Неўзабаве прыехала “хуткая дапамога”, выратавальнікі. Мінчаніна шпіталізавалі з дыягназам “агульнае пераахаладжэнне арганізму”.

“Кожны б так рабіў”

– Вам не страшна было лезці на лёд? – пытаю ў мядзельцаў.

– Не асабліва. Мы ж удваіх былі. Каб праваліўся, сусед бы выратоўваў, – адказвае Мікалай.

У адказе на пытанне: “Ці лічыце свае паводзіны гераічнымі?”, абодва былі адной думкі: “Не. Кожны б так рабіў”.