Кампанія ачысціць App Store ад праграм, што “шкодзяць рэпутацыі iOS”.

Кампанія Apple пачала выдаляць з анлайн-крамы праграм App Store антывірусы, перадае Phone Arena.

Аб гэтым паведаміў распрацоўшчык праграмы VirusBarrier. Яго праграму выдалілі за “апісанне, што ўводзіць у зман”, але праграма не была прынятая назад нават са значна больш дакладным апісаннем. Некаторыя іншыя распрацоўшчыкі пацвердзілі, што іх антывірусы таксама выдаляюцца.

Як сцвярджаюць распрацоўшчыкі, антывірусы будуць атрымліваць абнаўленні, калі яны ўжо ўсталяваныя на смартфонах. 

Але запампаваць іх на тэлефон адзіным афіцыйным шляхам, праз AppStore, ужо не атрымаецца.

Apple, магчыма, незадаволеная фактычнай заявай пра тое, што iOS 8 недастаткова абароненая, робіць выснову PhoneArena.

Напраўду, паведамленняў пра пранікненне вірусаў на смартфоны і планшэты Apple не было за апошні час. Але існуюць шкодныя праграмы, якія працуюць на ўзламаных (jailbreak) iOS-прыладах. Таксама паведамлялася пра шкодныя баковыя праграмы, якія трэба запампоўваць з баковых крыніц (не AppStore) і якія могуць запрацаваць на неўзламаных смартфонах.

Паводле “Нашай нівы“.