Напярэдадні Міжнароднага жаночага дня ордэн Маці ў Мінскай вобласці атрымалі сем шматдзетных жанчын. У Маладзечанскім раёне гэта Людміла Емяльянава, Святлана Калмыкова і Кацярына Міхайлоўская.

Раніца шматдзетнай мамы Кацярыны Міхайлоўскай пачынаецца з кухні. Спачатку гатуе сняданак для сям’і, пасля адпраўляе старэйшага сына на вучобу ў Вілейку, затым мужа на работу, дзяцей – на вучобу. 

Думала, што нараджу толькі адно дзіця

У яе пяць дзяцей. Самаму старэйшаму, Іллі, 16 гадоў, ён навучэнец Вілейскага прафесійна-тэхнічнага каледжа, вучыцца на повара-кулінара. 12-гадовы Даніла і 9-гадовы Ігнат вучацца ў сярэдняй школы №14. Мацвею чатыры гады, ён ходзіць у дзіцячы садок. Самаму маленькаму дзіцяці, Кіры, год і сем месяцаў. Сям’я чакае яшчэ адно дзіця, мяркуюць, што гэта будзе дзяўчынка.

Кацярына вырасла ў шматдзетнай сям’і. Была самай старэйшай, у яе было тры сястры і адзін брат. Аднак нягледзячы на гэта хацела толькі адно дзіця.

– У маладосці думала, што ў мяне будзе толькі адно дзіця, – расказвае Кацярына. – Пасля першых родаў было так многа розных уражанняў, упэўнілася, што аднаго дзіцяці хопіць. І ўжо калі Ілля стаў падрастаць, зразумела, што хачу яшчэ адно дзіця. Праз чатыры гады нарадзіла Данілу.

На фота сям’я Міхайлоўскіх: злева Даніла, Андрэй Міхайлоўскі трымае на руках дачку Кіру, побач Кацярына Міхайлоўская з сынам Ігнатам, справа стаіць Ілля, ён трымае на руках Мацвея.

Сям’я Міхайлоўскіх. Фота забяспечана Кацярынай Міхайлоўскай.

Сям’я Міхайлоўскіх. Фота забяспечана Кацярынай Міхайлоўскай.

Двое дзяцей нарадзіла для сябе, іншых – добраму мужу

Шматдзетная мама лічыць, што першых двое дзяцей жанчына нара­джае для сябе, каб сцвердзіцца, адчуць сябе сапраўднай жанчынай, астатніх – для любімага мужа, добрага бацькі.

– Калі ў сям’і ёсць лад, узаемаразуменне паміж мужам і жонкай, калі муж гатовы дапамагаць і рабіць усё магчымае для дабрабыту сям’і, то жанчына гатовая нара­джаць і выхоўваць дзяцей ад любімага мужчыны, – дзеліцца шматдзетная мама. – Калі ж жанчына не адчувае сябе як за каменнай сцяной, натуральна, што яна не будзе імкнуцца заводзіць шматдзетную сям’ю.

Па гаспадарцы Кацярыне дапамагае муж Андрэй і дзеці.

– Як і ў іншых сем’ях, дзеці маюць свае абавязкі: вынесці смецце, дапамагчы прыбраць у кватэры, памыць посуд. Старэйшы Ілля раніцай адводзіць Мацвея ў дзіцячы садок, вечарам забірае.

Не хапае часу на спрэчкі

З мужам Кацярына пазнаёмілася ў сацыяльных сетках. Малады чалавек “пастукаўся” да яе ў сябры, дадала, пачалі перапісвацца. Праз два месяцы сяброўства ў інтэрнэце вырашылі сустрэцца. Праз чатыры месяцы знаёмства ажаніліся.

Жанчына расказвае, што доўга не прыходзілася прыцірацца характарамі з мужам, калі ажаніліся. А цяпер дакладна не хапае часу на спрэчкі, ёсць больш значныя турботы.

Кацярына Міхайлоўская разам з мужам Андрэем. Фота забяспечана Кацярынай Міхайлоўскай.

Кацярына Міхайлоўская разам з мужам Андрэем. Фота забяспечана Кацярынай Міхайлоўскай.

Трохпакаёвая кватэра на сем чалавек

Кацярына лічыць, калі людзі вырашылі стварыць сям’ю, то важна, каб яны разлічвалі на свае сілы, адзін на аднаго, а не на дапамогу бацькоў, дзяржавы.

– Гэту кватэру пабудавалі па льготным крэдыце, – расказвае жанчына. – Яна прасторная, аднак хацелі б пабудаваць дом, каб у кожнага быў свой куток. Праблема ў тым, што ўчастак могуць даць, аднак нам не хопіць грошай, каб дастойна жыць і займацца будаўніцтвам. Мужу прыйдзецца і дома не паказвацца, каб забяспечыць годнае жыццё для сваёй сям’і.

Таму жывуць у трохпакаёвай кватэры ўсемярых, хутка іх будзе восем.

Шмат дзяцей – і як усё паспявае

– Многія знаёмыя дзівяцца, як усё паспяваю, – расказвае Кацярына. – Гавораць, што вельмі добра выглядаю, не скажаш, што пяцёра дзяцей. Аднак не люблю такіх размоў. Калі ёсць імкненне і жаданне, то ўсё можна паспець і не быць папялушкай-мурзай.

Жанчына заўважае, што дзеці і муж – гэта гарантыя добрага настрою і адпаведнага знешняга выгляду.

Да ордэна Маці яе сям’я аднеслася спакойна.

– Гэта не самая высокая адзнака, якую я атрымала, – гаворыць жанчына. – Тым больш, што ў сям’і ўжо ведалі, што атрымаю такую ўзнагароду. Дзеці – вось хто знатакі маёй любові і пяшчоты.

Самы прыемны падарунак да 8 Сакавіка жанчына атрымала ад дзяцей – гэта малюнкі, вялікія букеты і торт.

Маці Кацярыны, Любоў Субач, таксама мае ордэн Маці.