Сёлета ў Маладзечанскім медыцынскім каледжы на медыцынскіх сясцёр будуць вучыць год і дзесяць месяцаў. Маладзечанскі гандлёва-эканамічны каледж дапамагае ўсім навучэнцам працаўладкавацца.

Сёлета Маладзечанскі гандлёва-эканамічны каледж Белкаапсаюза набірае 350 навучэнцаў: 81 чалавека – на завочную форму навучання, 269 чалавек – на вочную.

Ім прапануюць навучанне па пяці спецыяльнасцях: бухгалтарскі ўлік, аналіз і кантроль, эканоміка і арганізацыя вытворчасці, камерцыйная дзейнасць, праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій і правазнаўства.

Выпускнікоў залічваюць на трэці курс ВНУ

Навучэнцы залічваюцца на гэтыя спецыяльнасці па конкурсе дакументаў аб адукацыі.

– Каледж супрацоўнічае больш чым з 50 вышэйшымі навучальнымі ўстановамі, – гаворыць намеснік дырэктара па вытворчым навучанні Мала­дзечанскага гандлёва-эканамічнага каледжа Белкаапсаюза Таццяна Васюта. – Сярод іх Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт, Беларускі гандлёва-эканамічны ўніверсітэт спажывецкай кааперацыі ў Гомелі, Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт (БНТУ), Беларускі аграрны тэхнічны ўніверсітэт, універсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі, “БІП – інстытут права­знаў­ства”, міжнародны ўніверсітэт “МІТСО”.

Навучэнцаў, якія скончылі гандлёва-эканамічны каледж, могуць залічваць на трэці курс гэтых універсітэтаў. Ім трэба  толькі здаць цэнтралізаванае тэставанне па мовах, рускай альбо беларускай, і ўнутраны экзамен па спецыяльнасці.

Іншагароднім навучэнцам даюць інтэрнат.

Як адзначыла Таццяна Васюта, каледж дапамагае знайсці працу і тым, хто вучыцца платна.

 28 сакавіка ў 12 дня ў Маладзечанскім гандлёва-эканамічным каледжы Белкаапсаюза  пройдзе дзень адкрытых дзвярэй.

 Скарацілі тэрмін навучання ў медыцынскім каледжы

Сёлета ў Маладзечанскім дзяржаўным медыцынскім каледжы тэрмін навучання па спецыяльнасці сястрынская справа будзе год і дзесяць месяцаў. Раней два гады і дзесяць месяцаў.

Фельчары-акушэры, памочнікі доктара па амбулаторна-клінічнай дапамозе будуць вучыцца па-ранейшаму два гады і дзесяць месяцаў.

– Цяпер навучэнцам не трэба будзе здаваць цэнтралізаванае тэставанне, каб паступіць у каледж, – расказвае адказны сакратар прыёмнай камісіі Маладзечанскага дзяржаўнага медыцынскага каледжа Алена Крук. – Для паступлення трэба толькі бал атэстата.

Іншагароднія навучэнцы забяспечваюцца інтэрнатам.

У каледжы няма сталовай, але ў навучэнцаў з’явілася магчымасць абедаць на месцы.

Медыцынскія сёстры цяпер будуць вучыцца год і 10 месяцаў. Фота egalite.com.ua.

Медыцынскія сёстры цяпер будуць вучыцца год і 10 месяцаў. Фота egalite.com.ua.

– У абед у каледж прывозяць гатовыя гарачыя стравы ў спецыяльных кантэйнерах, – адзначае Алена Крук. – Канешне, у там няма вялікай колькасці выбару: ёсць толькі адна першая страва, напрыклад, боршч, у другую страву ўваходзіць гарнір, катлета, салата. Але гэта добрая магчымасць комплексна падсілкавацца. Цэны даступныя.

 16 мая ў 10 раніцы ў Маладзечанскім дзяржаўным медыцынскім каледжы пройдзе дзень адкрытых дзвярэй.

 У ВНУ можна  вучыцца скарочана

У Маладзечанскім дзяржаўным політэхнічным каледжы прапануюць паступаць на восем спецыяльнасцяў: мехатроніка, тэхналогія харчовай вытворчасці, тэхналогія захоўвання і перапрацоўкі харчовай расліннай сыравіны, мантаж і эксплуатацыя электраабсталявання, тэхнічнай эксплуатацыя радыёэлектронных сродкаў, прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва, абсталяванне і эксплуатацыя жылых дамоў.

– У каледжа падпісаная дамова з сямю ўніверсітэтамі, – адзначае адказны сакратар прыёмнай камісіі Маладзечанскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа Алена Арловіч. – Таму навучэнцы маюць магчымасць паступаць на скарочаны тэрмін навучання.

У Смаргонскім ліцэі навучанне бясплатнае

У Смаргонскім дзяржаўным політэхнічным прафесійным ліцэі набяруць 75 навучэнцаў пасля агульнай базавай адукацыі.

– Як і заўсёды, будзе тры групы: першая – муляр, электразваршчык ручной зваркі, затым – маляр, абліцоўшчык-плітачнік і швачка-цырульніца, – расказала намесніца дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Смаргонскага дзяржаўнага політэхнічнага прафесійнага ліцэя Тэрэза Кабялькова.

У Вілейцы будуць рыхтаваць візажыстаў

У Вілейскі дзяржаўны каледж набяруць 305 навучэнцаў.

Сёлета адновяць навучанне па спецыяльнасці майстар па манікюры.

– Мы таксама першая ў Мінскай вобласці ўстанова адукацыі, якая будзе рыхтаваць візажыстаў, – адзначае намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Аляксандр Тышчук. – Дзяўчаты змогуць атрымаць гэту спецыяльнасць пасля дзявятага класа.

Цяпер выпускнікі 9-х і 11-х класаў могуць атрымаць адразу сярэднюю спецыяльную адукацыю, прафесію тэхніка-электрыка і аўтамеханіка. Дагэтуль такіх спецыялістаў рыхтавалі на базе прафтэхадукацыі.

У Вілейскім каледжы пачнуць навучаць візажыстаў. Фота more-turov.com.

У Вілейскім каледжы пачнуць навучаць візажыстаў. Фота more-turov.com.