За апошнія 25 гадоў сярэдняя тэмпература паветра ў Беларусі перавысіла норму на 1,2°С, паведаміла 19 сакавіка на брыфінгу ў Мінску начальнік аддзела клімату Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Алена Камароўская.

Норма сярэднегадавой тэмпературы ў Беларусі – 5,8°С, але, паводле слоў спецыяліста, з 1989 года ў краіне назіраецца самае працяглае і інтэнсіўнае за гісторыю назіранняў пацяпленне. За гэты перыяд сярэдняя тэмпература паветра вырасла практычна ў кожным месяцы, але найбольш прыкметна – у зімовыя і вясновыя месяцы, што прывяло да больш ранняга сыходу снежнага покрыва і пераходу тэмпературы да плюсавых значэнняў. “У сярэднім за 25 гадоў гэты пераход праходзіць на 10-15 дзён раней за звычайныя тэрміны”, – адзначыла спецыяліст.

Акрамя таго, змяніліся даты пераходу сярэднясутачнай тэмпературы праз пэўныя межы, напрыклад, на дэкаду раней пачынаецца вегетацыйны перыяд, адпаведна і яго працягласць павялічылася ў сярэднім на 12 дзён.

У перыяд пацяплення змянілася таксама размеркаванне ападкаў па тэрыторыі краіны і павялічылася іх кантраснасць. “Калі сярэднія сумы ападкаў значна не змяніліся, то прыкметна змянілася нераўнамернасць іх выпадзення як на працягу года, так і ў цэлым за асобныя гады. Прыкладна ў палове гадоў перыяду пацяплення ў краіне адзначаюцца засушлівыя ўмовы на працягу двух і больш месяцаў – гэта асабліва адчувальна ў перыяд актыўнай вегетацыі раслін. У той жа час у гэты перыяд адзначаюцца і выключна вільготныя гады”, – расказала Камароўская.

Паводле яе слоў, у сярэднім за апошнія 20 гадоў недабор ападкаў адзначаны ў красавіку, чэрвені і жніўні, калі выпадала адпаведна 91%, 93% і 88% ад нормы, некалькі больш за норму ападкаў назіралася ў лютым, сакавіку і кастрычніку. Памяншэнне ападкаў адзначаецца, у прыватнасці, у паўднёвай меліяраванай частцы краіны, а на поўначы, наадварот, адзначаны нязначны рост ападкаў. 

Колькасць дзён з ападкамі за перыяд пацяплення паменшылася са 175 да 167. “Тэндэнцыі памяншэння дзён з ападкамі адзначаныя як у халодныя, так і ў цёплыя перыяды. Памяншэнне колькасці дзён з ападкамі адбылося ў асноўным з-за памяншэння колькасці дзён з малой колькасцю ападкаў – ад 0,1 да 0,4 міліметра”, – патлумачыла спецыяліст. У цэлым, паводле яе слоў, змяненні ў выпадзенні ападкаў нязначныя.

.