Лявону Васілевічу 1 ліпеня споўніцца 100 гадоў. Калі яго дачка пачала клапаціцца пра замену пашпарта, пашпартыстка з Крывічоў вельмі здзівілася. Такога выпадку ў іх яшчэ не было.

Лявон Васілевіч нарадзіўся ў 1915 годзе ў вёсцы Пузыры Мядзельскага раёна. Калі Лявону было пяць гадоў, у яго памерла маці. Бацька застаўся з пяцярымі дзецьмі на руках, але больш так і не ажаніўся.

Лявон Іосіфавіч успамінае, што ў той дзень, калі памерла маці, ён пабег на вуліцу сустракаць сваю цётку, сястру маці. Яна ў яго спыталася:

– Што ж ты цяпер рабіць будзеш, дзіцятка?

– Свістаць буду, – адказаў ёй хлопчык.

Далей успаміны адносяць Лявона Іосіфавіча ў той час, калі ён пайшоў у польскую школу. Скончыў толькі тры класы. Дзяцей у школе было шмат, прыходзілі з сямі навакольных вёсак. Вучыліся ў вялікім доме аднавяскоўца.

– Памятаю, што два разы на тыдзень у школу прыязджалі весці ўрокі то ксёндз, то бацюшка. Дык мы, тыя, хто праваслаўнай веры, на заняткі ксяндза не хадзілі, прагульвалі.

Яшчэ ў памяці Лявона Васілевіча засталіся суровыя беларускія зімы 20-х гадоў.

– Памятаю, як бегаў да суседскага хлопчыка ўзімку басанож. Іх хата ад нашай за  метраў сто была. А бацька майго сябра браў мяне на рукі і закідваў на печ. Як сёння помню, што ён картавіў і гаварыў так:

– Лезь, гвэйся на печы.

Адказваючы на пытанне, якім было яго дзяцінства, Лявон Іосіфавіч кажа:

– Як ува ўсіх у той час. Жылі са сваёй працы. Ганялі пасвіць гусей, авечак, коней. Працавалі па калейцы – гэта калі кожная хата па чарзе ганяла скаціну на пашу.

А выпадак, які здарыў­ся падчас пашы авечак, адбіўся на ўсім жыцці.

Адганяў ваўка ножыкам  і параніў нагу, якая баліць усё жыццё

Лявону Васілевічу было тады гадоў 12-13. Пасвіў авечак:

– Раптам адчуваю, што хтосьці дакрануўся да пляча. Паварочваю галаву і бачу ваўка. Ён прайшоў побач са мной і кінуўся да авечак.

Хлапчук Лявон не разгубіўся, дастаў ножычак і закрычаў на ўсю моц:

– Цю-ю-ю-ю-юг-а-а-а-а-а.

Але ножычак саскочыў і папаў у нагу. Відаць, у нагу трапіла інфекцыя, бо праз некаторы час яна спухла, давялося рабіць аперацыю.

– На сон рабілі, – успамінае Лявон Васілевіч. – Наркоз, значыць.

І ўсё жыццё нага перыядамі давала пра сябе знаць. Праз яе і ў армію падчас Вялікай Айчыннай вайны не забралі.

А воўк тады збег, так і не прыхапіўшы з сабой ніводнай авечкі.

У працоўнай кніжцы 365 працадзён у год

Перад вайной Лявон Васілевіч паехаў працаваць у Беласток. Там будавалі чыгунку. Успамінае, што плацілі многа, але грошы не траціў, усе перадаваў дамоў. Калі пачалася вайна, вымушаны былі вярнуцца. Ішлі з Беластока да Мя­дзела пешшу.

Чатыры гады жылі пад немцамі. Лявон Іосіфавіч успамінае, што іх немцы не крыўдзілі.

Пасля вайны было жыццё, напоўненае працай і клопатамі. Кім толькі не давялося працаваць Лявону Васілевічу за сваё доўгае жыццё. Ён быў і жывёлагадоў­цам, і лазеншчыкам, і будаўніком, і даяром. Доў­гі час вазіў малако.

Дачка Лявона Васілевіча Соф’я Лявонаўна паказвае працоўную кніжку калгасніка. Цягам пяці  гадоў, ад 1950 да 1955, працаваў без грошай. У ёй толькі пазначана, што за год выдавалі збожжа ці бульбу.

Першы заробак пазначаны ў кніжцы толькі ў 1956 годзе. За год Лявону Васілевічу заплацілі 1480 рублёў.

– Старымі грашыма, у 60-я нуль адкінулі. І заробак стаў 118 рублёў за год.

Ад 1957-га, цягам амаль 10 год, у працоў­най кніжцы Лявона Васілевіча пазначана, што ён працаваў 365-366 дзён у год.

Гэта значыць, што без адпачынку, без выхадных штодзень прыходзіў на працу – даглядаць калгасных цялят.

– Ім жа не скажаш, што ў цябе выхадны ці баліць нешта. Яны ж есці хочуць.

Адносіны да калгаснай гаспадаркі ў Лявона Васілевіча былі неабыякавыя.

Улетку штодзень уставаў у пяць раніцы, бо трэба было накасіць калгасным цяляткам “зялёнкі”. Каб і яны прысмакаў паелі.

За год калоў 40 свіней

Акрамя працы ў калгасе, была і свая гаспадарка, свая сям’я.

У сям’і было двое дзяцей. Але калі ў сястры Лявона Іосіфавіча памёр муж, клопаты па яе гаспадарцы Лявон Іосіфавіч таксама ўзяў на сябе.

– А няўжо ж. У вёсцы ж цяжка бабе адной. І накасіць свінням ці карове, і сенаваць, і грады садзіць.

А яшчэ Лявон Васілевіч быў адзіным чалавекам, якому ўся вёска давярала калоць свіней.

– Бывала за год свіней 40 закалоць даводзілася. А што? Затое і нап’ешся заўсёды, і пад’ясі ў гасцях, ды яшчэ дадому сумку мяса і сала дадуць.

Ад 1975 года Лявон Васілевіч – пенсіянер. Яшчэ 16 год пасля выхаду на пенсію працаваў у калгасе. 

У 90 год з канём на пашу – толькі верхам

Соф’я Лявонаўна распавядае пра тое, што бацька ўсё жыццё працаваў з жывёламі і вельмі іх любіў.

Нават калі забралі яго ў Маладзечна, ён з сабой узяў котку, не захацеў пакідаць у вёсцы, каб яна прапала.

– А як бацька нас здзівіў гадоў 10 таму! – ускліквае Соф’я Лявонаўна. – Да 90 гадоў ён жыў у вёсцы, трымаў каня Орліка. Аднойчы мы прыязджаем да яго, кажам, што трэба адвесці каня на поле. Ён нам у адказ: “Я сам!” Падвёў каня да слупочка каля плота, узлез на гэты слупок, закінуў нагу і сеў на каня. І пагнаў яго на пашу верхам.

І цяпер, працягвае Соф’я Лявонаўна, бацька просіць даць яму нейкую працу.

– Ён і фасолю перабярэ, і іншую не цяжкую работу робіць.

Дома Лявон Іосіфавіч падоўгу стаіць ля акна, расказвае, што бачыць на вуліцы. Слухае радыё. Любімая радыёперадача тая, дзе спяваюць старыя песні.

Паважаныя чытачы! Вы можаце праз нашу газету павіншаваць Лявона Васілевіча са 100-гадовым юбілеем, можаце даслаць паштоўку на наш адрас. Мы перада­дзім вашы віншаванні юбіляру.

А на лета яны разам з дачкой едуць на лецішча. Туды ж прыязджаюць трое ўнукаў і чацвёра праўнукаў. У Лявона Іосіфавіча заўсёды за сямейным сталом  пачэснае месца.

– Праўнук бярэ за руку і вядзе да стала. Кажа: “Дзядуля, пайшлі есці”, – усміхаецца Лявон Іосіфавіч.

Гаворачы пра сакрэты даўгалецця, Лявон Іосіфавіч кажа, што за ўсё жыццё скурыў толькі дзве пачкі “Беламору” і ні разу не быў у стаматолага.

– Трэба жыць! – смяецца Лявон Іосіфавіч і паказвае адзіны зуб. – Трэба жыць.