Аўтобус Чысць-Маладзечна, які адпраўляўся ў 10:23, зламаўся ў вёсцы Краснае. Чытач “Рэгіянальнай газеты” Яўген Драздоў расказаў, з якімі цяжкасцямі прыйшлося сутыкнуцца яго жонцы Вользе, каб дабрацца да горада 21 сакавіка.

– Тым, хто спяшаўся, прыйшлося дабірацца аўтаспынам альбо на цягніку Мінск-Маладзечна на 11:15, – расказвае мужчына. – Да станцыі Уша многія ішлі пешшу. Кіроўца адмовіўся вярнуць грошы за праезд, прапанаваў чакаць няпэўны час іншы аўтобус, які выклікаў з аўтапарка.

Не шкада грошай, крыўдна за сілы і нервы людзей

Каб дабрацца да горада, яго жонцы прыйшлося заплаціць двойчы. Першы раз – за аўтобус 11 200 рублёў і ў цягніку – 2600 рублёў. Агульная сума паездкі склала 13800 рублёў.

– Не шкада гэтых грошай! – узрушаецца Яўген. – Больш крыўдна за тое, колькі нерваў, сіл, часу людзі патрацілі на тое, каб даехаць да горада. А нехта ж спазняўся на работу!

Як адзначае мужчына, у аўтобусе было прыблізна 25-30 чалавек.

Грошы б вярнулі, калі б не далі аўтобус узамен

На аўтавакзале пацвердзілі, што аўтобус Чысць-Маладзечна зламаўся ў вёсцы Краснае.

– Як толькі вадзіцель паведаміў пра паломку, з аўтавакзала накіравалі іншы аўтобус, – расказвае дыспетчар аўтавакзала ў Маладзечне Наталля Жаўняровіч. – Аўтобус Чысць-Маладзечна павінны быў прыехаць у Маладзечна ў 11:12, але, улічваючы паломку, ён быў тут у 11:50.

Як нам патлумачылі на вакзале, кіроўца не мог вярнуць грошы пасажырам, бо яны прайшлі па касе. Тым больш, з аўтавакзала адразу быў накіраваны іншы аўтобус.

– Канешне, калі б аўтобус не замянілі і пасажыры самастойна дабіраліся да патрэбнага прыпынку, грошы ім маглі вярнуць,– адзначыла Наталля Жаўняровіч.

Для гэтага ім трэба было звярнуцца на аўтавакзал з білетам.