Яшчэ не бачна канца прац па будаўніцтве мемарыяльнага комплексу, прысвечанага падзеям Першай сусветнай, а ўжо трэба аднаўляць зробленае раней.

Месяц таму з гранітнай пліты, што размешчаная на ўваходнай частцы комплексу, зніклі шэсць літар.

На гарадскім форуме каментатары пачалі сыпаць заявамі накшталт: “Якое блюзнерства? Людзі, вы пра што? Я побач жыву. Клею пашкадавалі – вось і адвальваюцца літаркі”.

Скульптар са Смаргоні Уладзімір Церабун, адзін з аўтараў праекта, шмат разоў выязджаў на месца будаўніцтва. І ён асабіста глядзеў, што здарылася з літарамі. На яго думку, версія “адваліліся” проста немагчымая.

– Глупства. Па-першае, літары трымаліся на трохсантыметровых металічных шпільках, устаўленых у адтуліны з клеем. Па-другое, клей выкарыстоўвалі моцны, для гранітных работ. Ім можна склеіць два кавалкі граніту, і яны будуць стаяць гадамі. Па-трэцяе, паміж літарамі і гранітам быў яшчэ і сіліконавы клей. Яго наносілі спецыяльна на выпадкі змены тэмпературы, каб не зацякала вада. Тая ж тэхналогія замацавання літар прымянялася і на тэкстах ля ўвахода ў музей Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску. Рабілі тыя самыя спецыялісты.

Як здарэнне перажывае скульптар

– Складана павышаць духоўнасць у краіне, узнімаць тэму памяці, дзе ў народа нізкая культура, – працягвае Уладзімір Васільевіч. ­– Ужо няма нічога святога. Месяц таму ладзілі ў Смаргоні добрую выставу твораў беларускіх скульптараў. Такіх выстаў у Смаргоні раней не было. А народ не ходзіць. Натоўпы на базарах, магазінах, але не ў музеях. Жахліва. Мы прывучаем людзей да матэрыяльнага, і гэта ўжо пачынае адгукацца. Спрабуеш маладому юнаку данесці сэнс таго, што робіш, а ён табе: “А нашто мне гэта? Мне гэта не цікава”. І нічога на гэта не адкажаш. Варта сёння глядзець наперад, а не ў кішэнь.

Літары каштавалі некалькі мільёнаў рублёў

Як распавяла дырэктарка скульптурнага камбіната Беларускага саюза мастакоў Таццяна Іванова, літары былі зробленыя з нержавейкі і пакрытыя нітрыдам тытана.

Матэрыял лічыцца якасным. Сёння ім пакрываюць і купалы ў цэрквах.

Шэсць зніклых з помніка літар будуць каштаваць больш за 2 мільёны рублёў. Таццяна Мікалаеўна заўважае, што іх кошт вызначаецца не столькі цаной матэрыялаў, колькі выдаткаванай працай: тэхналогія разьбы і апрацоўкі літар складаная і шматэтапная.

Новыя літары ўжо заказалі

У тым, што хутка новыя літары зоймуць месцы старых, запэўніў намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Смаргонскага райвыканкама Аляксей Апановіч.

– Вандалізм ёсць вандалізм. Адзін узрадуецца прыгажосці мемарыяла, а іншы пойдзе штосьці адарве ды прадасць. Раней здараліся выпадкі вандалізму на тых жа могілках, а зараз ужо справа дайшла і да мемарыялу. Факт вандалізму ёсць, – зазначае Аляксей Апановіч.

Відэакамеры, што маглі б спыніць вандалаў, патрабуюць сродкаў. Пакуль няма магчымасці іх усталяваць. Сам комплекс яшчэ патрабуе шмат працы, якая наўрад ці завершацца раней, чым у 2018 годзе.

Дэбаты. Варта аддаваць грошы на мемарыялы ці лепш у медыцыну

Смаргонь. Вядомы скульптар Уладзімір Церабун дае 7 парадаў, як стаць шчаслівым

У Смаргоні будзе стаяць мемарыяльны комплекс еўрапейскага ўзроўню (ФОТА)

Уладзімір Церабун: “Я вельмі люблю родную Смаргонь і ганаруся ёю” (+ВІДЭА)