У наш час многія лічаць, што хвароба на туберкулёз засталася ў мінулым, а калі бачаць надпіс “доктар-фтызіятр”, не могуць яго расшыфраваць. На жаль, гэта хвароба нікуды не знікла і дагэтуль застаецца сур’ёзнай праблемай, на якую дзяржава выдаткоўвае немалыя сродкі.

24 сакавіка 1882 года нямецкі мікрабіёлаг Роберт Кох на пасяджэнні навуковай супольнасці абвясціў аб адкрыцці новай бактэрыі. З таго часу і сёння ўзбуджальніка туберкулёзу называюць бацылай, ці палачкай Коха.

Яна ёсць у арганізме практычна кожнага з нас. Але аднойчы нейкі фактар ці іх сукупнасць прыводзяць да яе абу­джэння, і ўзнікае хвароба. Бактэрыя аддае перавагу лёгкім, але можа актывізавацца ў любым органе: костках і суставах, вачах, нырках, лімфатычных вузлах. Пускавым фактарам можа быць хранічнае пераахаладжэнне, моцны стрэс, траўма, кантакт з туберкулёзным хворым. У групе рызыкі – людзі з аслабленым імунітэтам, хранічнымі захворваннямі, курыльшчыкі, дзеці і падлеткі.

Раней лічылася, што на туберкулёз хварэюць сацыяльна ўразлівыя людзі. У наш час хвароба можа праявіцца ў лю­дзей розных слаёў насельніцтва. Усё часцей сустракаюцца студэнты, маладыя мамы, спартсмены.

Каварнасць гэтай хваробы – у адсутнасці сімптомаў. Вельмі рэдка хворы скардзіцца на кашаль, тэмпературу, боль у грудзях, патлівасць, пахудзенне. Звычайна туберкулёз знаходзяць падчас прафілактычнага агляду. А скаргі з’яўляюцца, калі працэс хваробы зайшоў далёка.

У 2012 годзе 69% хворых на лёгачны туберкулёз знайшлі пры планавым праходжанні флю­ара­­графіі, у 2013 − 86%, а ў 2014 − 88%.

Калі хворы даведваецца пра дыягназ, то не можа паверыць − ён жа выдатна сябе адчувае! І ніколі з хворымі не кантактаваў.

Шлях перадачы туберкулёзу – паветрана-кропельны: нехта кашляе, чхае і смяецца, а іншы ўдыхае гэта паветра. Палачка пастаянна вакол нас. Многія лічаць, што прафілактычны агляд патрэбны дзяржаве, а не ім.

Нядаўна на прыёме быў чалавек 60-і год. Застарэлы распаўсюджаны туберкулёз, у лёгкіх няма жывога месца, мноства буйных поласцяў распаду. Прыйшоў да доктара з кашлем і тэмпературай. Флюараграфію апошні раз прахо­дзіў 20 год таму!

Туберкулёз разві­ваецца марудна − месяцамі, гадамі, але няўхільна. І гэтак жа марудна лечыцца.

Асноўная сучасная праблема – устойлівасць бактэрыі да супрацьтуберкулёзных прэпаратаў. Яна абараняецца ад нас лепш, чым мы ад яе. Імкліва муціруе, шукае механізмы абароны, хаваецца ад дзеяння лекаў, ідзе глыбока ў тканкі, куды не могуць дабрацца лекі. Для Мала­дзечанскага раёна праблема множнай лекавай устойлівасці вельмі актуальная, таму што каля горада месціцца бальніца для лячэння пацыентаў з гэтай формай туберкулёзу.

У Маладзечне ў 2012 годзе выявілі 56 хворых на туберкулёз, у 2013 – 57, у 2014 – 37. Актыўная форма туберкулёзу зарэгістраваная ў 135 чалавек, з іх 64 маюць множную лекавую ўстойлівасць. Сярод хворых дзяцей няма. Усё часцей здараюцца выпадкі, калі хворы на туберкулёз мае ВІЧ-інфекцыю. Адзін з такіх хворых летась змог вылечыцца ад туберкулёзу.

Звычайны курс лячэння цягнецца каля сямі месяцаў. Устойлівую форму лечаць мінімум 20 месяцаў шасцю–дзесяццю прэпаратамі моцнага дзеяння, каля шасці-васьмі месяцаў неабходна ляжаць у бальніцы.

Вельмі важна лячыцца паводле распрацаванай схемы. Як толькі хворы кідае курс, недабітай бактэрыі нічога не замінае муціраваць. Сучасны туберкулёз усё больш небяспечны. Калі раней хворыя жылі дзесяцігоддзямі, сёння могуць згарэць за тры-пяць год.

Ніхто не застрахаваны ад туберкулёзу. Нявыяўленыя хворыя пастаянна ёсць сярод нас. Хвароба звычайна не выяўляе сябе. Сёння для нас найпрасцейшы спосаб даведацца пра хваробу – прайсці флюараграфію.

Што там, за калючым дротам супрацьтуберкулёзнага дыспансера?

Туберкулёз працягвае забіваць

Беражыце сябе ад туберкулёзу

Ад чаго найчасцей паміраюць у Маладзечне