28 сакавіка, ад 20:30 да 21:30, Беларусь далучыцца да найбуйнейшай экалагічнай акцыі “Гадзіна Зямлі”.

У многіх гарадах згасне падсвятленне будынкаў, пройдуць вулічныя акцыі для прыцягнення ўвагі да праблем змены клімату.

– Мы святло па горадзе адключаць не будзем, – сказаў “Рэгіянальнай газеце” галоўны інжынер унітарнага прадпрыемства “Камунальнік” Уладзімір Камяк. – Не робім мы гэта таму, што можа быць небяспечна для дарожнага руху. Уявіце, што раптам на адну гадзіну знікне асвятленне з цэнтральных вуліц.

Маладзечна да пытанняў эканоміі падыходзіць комплексна.

– Напрыклад, без патрэбы мы не ўключаем падсвятленне на дамах. Нядаўна на вуліцы Астрожскай зрабілі так, каб лямпачкі ў ліхтарах гарэлі праз адну. Гэтым мы адразу зменшылі спажыванне энергіі са 100 да 50 лямпачак. Тое ж зрабілі і па вуліцы Крынічнай. А спецыяльна 28 сакавіка нічога адключаць не плануем.

Ініцыятарам “Гадзіны Зямлі” ў Беларусі выступае таварыства экалагічных арганізацый “Зялёная сетка” пры падтрымцы Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і Дэпартамента па энергаэфектыўнасці Рэспублікі Беларусь.

“Гадзіна зямлі” – гэта найбуйнейшая экалагічная акцыя ў свеце. З дапамогай сімвалічнага дзеяння – выключэння святла – кожны чалавек у любым пункце планеты можа “прагаласаваць” “за здаровую планету”, – тлумачаць у Зялёнай сетцы.

У рамках “Гадзіны Зямлі” 28 сакавіка па ўсёй Беларусі пройдуць публічныя акцыі і мерапрыемствы.