У аўторак, 24 сакавіка, начальнік ДАІ Дзмітры Юркевіч правёў “круглы стол” па пытаннях бяспекі дарожнага руху ў Маладзечне і Маладзечанскім раёне.

У гэты дзень усе тыя, каго хвалюе стан дарог або парковак ці павелічэнне колькасці аварый, маглі наўпрост задаць пытанне начальніку ДАІ.

Адразу двое прадстаўнікоў з вуліцы Янкі Купалы занепакоеныя тым, што на іх вуліцы кіроўцы не выконваюць хуткасны рэжым.

– Каля дамоў №№21-28 па нашай вуліцы жыхары нават свае агароджы прыбралі, – кажа выступоўца, – таму што ўвесь час іх зносяць машыны, якія рэгулярна з’язджаюць з дарогі. Тое ж датычыцца і дрэў. Быў выпадак, калі ў рэчку, што працякае акурат па вуліцы Янкі Купалы, звалілася машына.

Вырашыць гэту праблему дапамог бы знак абмежавання хуткасці да 40 км/гадз.

Дзмітры Юркевіч абяцаў, што такі знак ля  школы №1 з боку Парашкоў хутка з’явіцца.

Нармальным кіроўцам рацыя ў тэлефоне непатрэбная

Яшчэ адно пытанне, якое хвалявала прысутных, – гэта самыя небяспечныя скрыжаванні ў горадзе і на загарадных трасах.

– Небяспечных скрыжаванняў, як такіх, не існуе, – пракаментаваў Дзмітры Юркевіч. – Усе аварыі адбываюцца па няўважлівасці кіроўцаў або ад нежадання імі выконваць правілы дарожнага руху.

У Маладзечне аварыі часцей за ўсё здараюцца на скрыжаваннях вуліц Багдана Хмяльніцкага і Вялікі Гасцінец, на скрыжаванні таго ж Вялікага Гасцінца і вуліцы Касманаўтаў, а таксама ля “Бярозкі”.

Прадстаўніца ДЭУ-63 РУП “Мінскаўтадор-Цэнтр” Наталля Ханяўка дадала, што і за межамі Маладзечна ёсць вельмі небяспечныя ўчасткі дарог. Як прыклад, прывяла ўчастак дарогі паміж вёскамі Мясата і Загорскае.

Прысутныя запыталіся ў начальніка ДАІ аб магчымасці ўсталяваць там камеру відэаназірання або рэгулярна выстаўляць пасты ДАІ.

На што Дзмітры Юркевіч адказаў, што калі там стаяць пасты, то кіроўцы едуць з дапушчальнай хуткасцю, таму што іх па рацыі ў мабільным тэлефоне даўно ўжо папярэдзілі калегі-кіроўцы.

– Такія мабільныя рацыі ў тэлефонах – праблема для ДАІ?

– Нармальным кіроўцам такія рацыі непатрэбныя. Нашто дысцыплінаваным кіроўцам ведаць, дзе стаіць пост ДАІ?

Звяртацца да начальніка ДАІ можна чатыры дні на тыдзень

Усе тыя, хто па якой-небудзь прычыне не трапіў на “круглы стол” да начальніка ДАІ, могуць звяртацца да яго ў іншыя дні. Дзмітры Юркевіч вядзе прыём у паня­дзелак і чацвер з 16:00 да 20:00, у аўторак – з 8:00 да 10:00, а таксама ў суботу – з 9:00 да 13:00.

На развітанне Дзмітры Юркевіч папрасіў нагадаць чытачам не заставацца абыякавымі да парушэнняў на дарозе. І пра ўсе выпадкі паведамляць па тэлефоне 102.