На гэтым тыдні мы папрасілі нашых чытачоў у інтэрнэце падзяліцца, якія вуліцы іх горада патрабуюць тэрміновага рамонту.
У топ дарог трапілі:
1. Усе дарогі на Лясных
2. Вуліца Бухаўшчына
3. Двары вуліцы Францыска Скарыны ля дамоў № 27 А, Б, В, Г
4. Алаізы Пашкевіч
5. Вялікі Гасцінец (ля гімназіі № 10)
6. Вуліца Ясінскага
7. Вуліца Маладачанская
8. Вуліца Меліярацыйная
9. Завулак Бярозавы
10.Вуліца Таміліна ( ад ЗАГСа да вуліцы Лібава-Роменскай)
Адметна, што хаця пытанне тычылася ўсяго рэгіёна, актыўнічалі толькі жыхары Маладзечна.
Вось што яны пісалі ў абмеркаваннях:
Эдуард: раён вуліцы Вялікі Гасцінец, ад архіва да мэблевага магазіна. І гэта ў самым цэнтры горада. Сорам!
Вікторыя Разумоўская: “ляжачы паліцэйскі” ў шостым мікрараёне. Ён увесь разламаны, а нікому і справы няма.
Пра гэтага “ляжачага паліцэйскага” ўзгадвае таксама і Ларыса Калінічэнка:
– А я балдзею ад “ляжачага паліцэйскага” па Вялікім Гасцінцы, які знаходзіцца паміж паваротам на 14 школу і паваротам да “Каравана”. У мінулым годзе зрабілі. А цяпер такія выбоіны, што ўсе, хто ведае, аб’язджае па дарозе каля ДАІ.
Сяргей Петухоў: вуліца Бухаўшчына – яшчэ з мінулага стагоддзя абяцаюць пакласці асфальт!
Сяргей Фурс: вуліца Маладачанская. Гарадскі аўтобус ходзіць па гравійцы. Ад пылу форткі ў дамах адкрыць немагчыма.
Іван Малінец: завулак Бярозавы. Як не паклалі асфальт да “Дажынак”, так, падобна, пры маім жыцці і не пакладуць. Нават грэйдар за 15 гадоў ні разу не заехаў. Як жыць !?
Жыхар: вуліца Меліярацыйная мяне хвалюе. Няўжо няма сродкаў, каб зрабіць рамонт на такой невялікай вуліцы. Трэба ж неяк і аддаленыя вуліцы рамантаваць!
За год адрамантуюць чатыры вуліцы
Рамонтам гарадскіх вуліц займаецца “Камунальнік”. Начальнік вытворча-тэхнічнага аддзела Таццяна Паляковіч распавяла “Рэгіянальнай газеце”, якія ж вуліцы горада сёлета дачакаюцца капітальнага рамонту і асфальтавання.
Капітальны рамонт плануюць зрабіць на пешаходнай дарожцы на ўчастку вуліцы Велікасельскай ад школы №1 да аўтобуснага парка №4.
Адрамантуюць вуліцу Ясінскага. Зробяць пешаходны пераход на скрыжаванні вуліцы Прытыцкага і вуліцы Лібава-Роменскай.
Таксама завершаць будаўніча-мантажныя работы па вуліцы Вольнай.
Пешаходныя дарожкі заасфальтуюць па вуліцах Міру, Таміліна, Францішка Скарыны. Заасфальтуюць праезную частку вуліц Паўночнай і Гідратэхнікаў. А таксама правядуць паверхневую апрацоўку ўчастка вуліцы Францішка Скарыны (ад Вялікага Гасцінца да Будаўнікоў).
– Аднак рамонт гэтых дарог будзе магчымы толькі пры дастатковым фінансаванні, – удакладніла Таццяна Паляковіч.