У свае 12 год Віталь Рогач з Вілейкі паспеў стаць пераможцам і прызёрам некалькіх вакальных конкурсаў, у яго ёсць ужо першы кліп.

Сёння Віталь раскажа, хто з артыстаў з’яўляецца  яго кумірам. Раскрые, чаму нават зламаная рука не спыніла яго ад удзелу ў конкурсе.

Спяваць на сцэне Віталь пачаў яшчэ ў садку. Прыгадвае першую песню, якую выконваў у пяць з паловай год, – “Сонца над маёй Беларуссю”. Здольнасці да спеваў у хлопчыка разгледзела музычны кіраўнік садка Людміла Вазняк.

Ад сямі год ён займаўся ў ансамблі “Грамнічкі” пад кіраўніцтвам Алесі Высоцкай. Цяпер Віталь – саліст узорнай эстраднай студыі “Экспромт” Палаца культуры (музычныя кіраўнікі Алег і Нэлі Зайцавы).

На конкурс паехаў з рукой у гіпсе

Віталь удзельнічае ў розных конкурсах. Заваяваў Гран-пры на конкурсе “Зорачкі “Надзеі” ў 2014 годзе, стаў лаўрэатам другога абласнога фестывалю мастацкай самадзейнай творчасці дзяцей медыцынскіх работнікаў.

Найбольшым поспехам лічыць другое месца ў сваёй узроставай групе ў рэгіянальным фестывалі-конкурсе маладых выканаўцаў эстраднай песні “Адна зямля” летась.

У гэтым конкурсе ён удзельнічаў другі раз. У 2013 годзе давялося выступаць са зламанай рукой.

– Быў настроены рашуча на ўдзел, таму зламаная рука перашкодай не стала, – прыгадвае Віталь.

Так што, выступаць даводзілася з рукой у гіпсе. Тады намаганні віляйчаніна журы ацаніла дыпломам “Творчая надзея”. Праз год ужо было прызавое месца. Збіраецца ўдзельнічаць у “Адной зямлі” і сёлета: спадзяецца некалі і першае месца заняць.

“На сцэне адчуваю сябе лёгка”

Песні яму падабаецца спяваць розныя, і куміраў шмат ёсць. Але асабліва вылучае італьянскага спевака і акцёра Адрыяна Чэлентана. Якраз на першай для сябе “Адной зямлі” спяваў яго песню.

– Чым Чэлентана даспадобы?

– Люблю італьянскія матывы, падабаецца тэмбр яго голасу.

Віталь не толькі спявае. Ён яшчэ вядучы многіх канцэртаў. За гэта таксама ўзнагароду мае – абласнога цэнтра народнай творчасці.

– Што больш падабаецца – спяваць ці быць вядучым?

– Спяваць. Вельмі гэта люблю. Люблю сцэну, на ёй адчуваю сябе лёгка.

Мару паступіць ва ўніверсітэт культуры і мастацтваў.

На днях у юнага спевака з’явіўся першы кліп – на песню “Перамога”.

Канстанцін Осіпаў з Вілейкі пачуў яго выступленне на аглядзе самадзейнасці. Патэлефанаваў, прапанаваў зрабіць кліп. Таму зараз на youtube у інтэрнэце можна адшукаць не толькі запісы выступленняў Віталя, а і кліп.

Захапленні вучобе не перашкода

Захапленняў у Віталя шмат. Вядома, на першым месцы музыка. Штодня рэпетыцыі, заняткі ў музычнай школе. Ён вучыцца іграць на скрыпцы, асвойвае фартэпіяна. Удзельнічае ў школьных і гарадскіх мерапрыемствах. Пра спорт не забывае.

За ўсім гэтым паспявае вучыцца на выдатна (ён шасцікласнік сярэдняй школы №5). Прызнаецца, што знаходзіць час на ўсё цяжкавата. Але ж, тлумачыць, калі пачаў ужо з пачатку школы выдатна вучыцца, то і надалей трэба так трымаць. 

Як дапамагчы дзіцяці развіць здольнасці?

Адказвае мама Віталя, Таццяна Рогач:

– Трэба займацца з ім, ва ўсім падтрымліваць. Супакоіць, калі нешта не атрымліваецца. Бацькам неабходна мець вытрымку: спакойна растлумачыць, для чаго тое ці іншае патрэбна, чым яму гэта дапаможа.