Пакуль у школах канікулы, садкі таксама расслабляюцца. У некаторых групах паловы дзяцей няма, бо хто рвануў да бабуляў і дзядуляў, хто дома са старэйшымі братамі ці сёстрамі. 

У старэйшай групе садка №9 у выхавальніцы Таццяны Скадорвы ў аўторак было 13 дзяцей з 25. Сёлета яны ўжо пой­дуць школу.

Звычайна да абеду ідуць заняткі, якія дапамагаюць дзецям падрыхтавацца да школы: па граматыцы, маўленні, матэматычным ўяўленні і іншыя. Але паколькі цяпер канікулы, сёння ў садку дзень бурбалак.

Калі дзяжурныя па сталах змятаюць апошнія крошкі пасля сняданку, выхавальніца кліча ўсіх да сябе.

– Я прынесла з сабой вось такі пакецік з цюльпанчыкамі. Як вы думаеце, што я магла туды пакласці?

Спачатку адказы млявыя.

– Прадмет.

– Сам не ведаю, што.

Але паступова прачынаецца цікавасць, і праз колькі хвілін  ужо ўсе наперабой выдаюць прапановы.

– Малаток,  слоік, гаечны ключ, замок, адвёртку, маленькі квадрат, нажніцы, залаты ключык, машынку, банцік, завушніцу, фламастар, аловак.

Дзесьці сярод усіх гэтых адказаў гучыць “мыльныя бурбалкі”. Ён аказваецца правільным.

Праўда, нядоўга цягнецца свята лопання бурбалак. Яны разліваюцца, і дзеці з выхавальніцай прыступаюць да прыгатавання самаробных.

– Што трэба для бурбалак? – пытаецца спадарыня Таццяна.

– Вада і мыла! Я ведаю! Мяне брат навучыў, а яму сем гадоў!

На стале тры міскі, некалькі леек з вадой, шампунь, вадкае мыла ды сродак для мыцця посуду.

Дзеці крыўдзяцца, што не кожны можа паўдзельнічаць у прыгатаванні мыльнай вадкасці. Аднак пагаджаюцца з Таццянай, што іх занадта шмат, каб кожны змог штосьці зрабіць. Адзін налівае ваду, другі дадае сродак, трэці перамешвае.

– Давай, цісні мацней! – падтрымліваюць іншыя хлопчыка, якому дасталася заданне выціснуць вадкае мыла. Таму відавочна не проста, але ён спраўляецца.

Тым часам выхавальніца раздае рознакаляровыя трубачкі. Разам з гэтым расказвае, чаму варта быць асцярожным і як правільна дзьмуць бурбалкі. Дзеці дапамагаюць.

– Будзе атручванне!

– Калі растрэсці, то ўсё паляціць!

Урэшце вадкасць гатовая, і дзеці рвуцца як найхутчэй выдзьмуць хоць некалькі бурбалак.

– Як дарослыя такія вялікія робяць?

– Пены занадта шмат!

– Я ведаю! Трэба проста акуратна дзьмуць!

Надзьмуўшыся ўдосталь, выхаванцы разыходзяцца па зале. Час танца. А за ім – маляванне.

Намаляваць бурбалкамі

Уладзік і Авяліна, дзяжурныя ў гэты дзень па занятках, загадзя падрыхтавалі для ўсіх працоўныя месцы: аркуш паперы, фарбы.

Таццяна Пятроўна збірае групу ля сябе.

– Ці верыце, што можна маляваць бурбалкамі?

– Не! – хорам кажуць дзеці і круцяць галавой.

Выхавальніца бярэ шклянку з вадкай фарбай і пачынае праз трубачку ў яе дзьмуць. Да таго часу, пакуль бурбалкі не выходзяць праз верх на паперу.

– На што падобнае? – пытаецца Таццяна, калі бурбалкі лопаюцца і на паперы вымалёўваецца нейкая абстрактная фігура.

– Марожанае.

– Не, малінка.

Усе пагаджаюцца з малінкай, і ёй тут жа дамалёўваюць алоўкам галінку і лісцік.

Пасля такога майстар-класа выхаванцы бягуць да сваіх месцаў у прадчуванні будучых малюнкаў.

– У мяне букет ландышаў!

– А ў мяне чарніцы!

– Дыназаўр атрымаўся!

Дамалёўваць бурбалкавыя шэдэўры вырашана пасля сну.

Выхавальніца па фізічным выхаванні Жанна Дурко абвяшчае, што сёння яны ўсе цыркачы.

Так што ў праграме – праходжанне праз гімнастычнае кола і па канаце. У садку яго замяняе вяроўка. Але відавочна, роўна ісці па адной лініі не так проста, як падаецца.

Пасля таго, як крыху парухаліся – час вольны.

Дзеці гуляюць у любімыя гульні. Адны спрабуюць падзяліць домік для цацак. Іншыя абступілі горку для машынак. Хтосьці вырашыў маляваць, а хтосьці – збіраць мазаіку.

У выхавальніцы ўрэшце з’яўляецца хвілінка, каб паралельна з тым, як сачыць за дзецьмі, распавесці пра асаблівасці прафесіі.

Бацькі сталі больш патрабавальнымі

У адукацыі Таццяна Скадорва 15 гадоў. Спачатку два гады працавала настаўніцай пачатковых класаў у СШ №11. Як выйшла з дэкрэту, пай­­шла працаваць у садок.

– Мая дачка таксама ў дзявятым садку была. Яна пайшла ў школу, а мама засталася ў садку, – усміхаецца яна. – Зацягнула. Была магчымасць пайсці працаваць настаўніцай пачатковых класаў, але падумала, што я патрэбная тут.

У 2009 годзе Таццяна Скадорва стала выхавальніцай года на раённым конкурсе.

– У прафесіі не бывае без складаных момантаў. Здаралася, калі рабілася сумна, калі думала, што ўжо ўсё зрабіла. Былі спрэчкі з бацькамі, якім ты штосьці тлумачыш, але яны не хочуць цябе разумець. Спрабуеш дастукацца, але гэта не заў­сёды проста. Натуральна, назапашваецца стомленасць. У пэўны час здараюцца нервовыя зрывы. Прафесія выхавальніцы патрабуе ўмення абстрагавацца. Штосьці ўспрымаць блізка да сэрца, штосьці прапускаць міма. Гэта чалавек, які мусіць не толькі бачыць, але і адчуваць  сэрцам.

– Хапае сіл на сваё дзіця?

– Вельмі складана. З гэтым сутыкаецца любы педагог. Бывае, прыхо­дзіш і валішся з ног ад стомленасці, а тваё дзіця таксама чакае ад цябе штосьці новае. Імкнешся нешта даць і яму. Цяжка. Калі ў цябе ў групе столькі чалавек і на кожнага трэба звярнуць увагу, не пакрыўдзіць, успрыняць такім, які ён ёсць, даць упэўненасць у сваіх сілах, парадавацца з кожным яго дасягненню, пахваліць. Гэта трэба рабіць, каб дзіця атрымала матывацыю.

– Што цікавіць бацькоў дзяцей?

– Калі бацькі зразумеюць, што іх дзіця патрэбнае выхавальніку, яны пацягнуцца. Бацькі аддаюць у дзіцячы садок самае дарагое. І яны хацелі б, каб, у першую чаргу, дзіця было да­гледжанае, атрымала карысную інфармацыю. Калі дзіця выбягае з групы і расказвае, што рабіў, пра што дазнаўся, прапануе тут жа паказаць. Сёння мы рабілі бурбалкі. Я сказала дзецям, што яны змогуць дома зрабіць іх з бацькамі.

Сучасных бацькоў хвалюе не толькі, як дзіця ела і спала. Яны больш патрабавальныя і зацікаўленыя ў тым, каб дзіця як мага больш ведала. Ім важна, як дзіця паводзіць сябе ў калектыве, ці не крыўдзіць іншых.

– Ці лёгка знайсці агульную мову з дзецьмі?

– Трэба стаць на адну прыступку разам з імі. Не лічыць сябе вышэй. Калі я стаўлюся да іх з павагай, не абражаю і не крыўджу, калі яны адчуваюць ува мне сябра, ім лягчэй зразумець нормы паводзін.

Арганізавалі дні беларускай мовы

Таццяна Пятроўна аб’яўляе ўсім, што час ісці апранацца на шпацыр. На вуліцы сонечна і цёпла, так што дзеці не сядзяць ў альтанцы, а хапаюць скакалкі, мячы, цацачных коней і бегаюць па двары.

Збіраюцца арганізаваць гульню і разлічваюцца па беларускамоўнай лічылцы пра зязюлю.

Таццяна дадае, што ад новага года кожную апошнюю пятніцу месяца праводзяць дзень беларускай мовы.

– Дзецям гэта падабаецца, – заўважае выхавальніца. – Ім цікава ведаць, што “красный” – гэта чырвоны. Што можна адну рэч называць і так, і гэтак. Найбольш цікавяць зусім непадобныя словы. Складаней з вымаўленнем. Не ўсе бацькі з захапленнем успрымалі такія новаўвядзенні. Даводзілася тлумачыць, чаму дзіцяці трэба ведаць мову. Сутыкаліся з пытаннем: “Навошта яна яму? Ці спатрэбіцца?”

Нягледзячы на гэта, Таццяна заўважае, што дзеці мову разумеюць. Хоць на пытанні, якія задае па-беларуску, адказваюць па-руску. Затое адказваюць.

Прысніць бурбалкі

Пасля прагулкі, у 12:30, – абед. Сёння, акрамя варанай капусты, пюрэ з рыбай і вінегрэт. А на дэсерт – кампот з яблыкаў.

Скончыўшы з абедам, дзеці ідуць распранацца і – у ложак. Наперадзе дзве гадзіны сну.

На сон выхавальніца чытае казку, а ў канцы зычыць прысніць добрыя сны пра бурбалкі.

Фота аўтара.