Што значыць турызм у жыцці індывідуальнага прадпрымальніка Арцёма Цанцавіцкага і распрацоўшчыка базы даных Ірыны Гарыдавец.

Арцём Цанцавіцкі “ў Дарозе” дзевяць гадоў, займаецца прамысловым альпінізмам, цікавіцца вандроўкамі.

Вандроўкі дапамагаюць стабілізаваць унутраны стан

– Вандроўка – гэта добрая нагода, каб адпачыць ад шуму гарадоў, ад людзей, якія там увесь час мітусяцца, – расказвае маладзечанец. – Таксама яна дапамагае стабілізаваць свой унутраны стан, пабыць на ўлонні прыроды і з аднадумцамі-турыстамі.

Арцём заўважае, калі б у яго была магчымасць паказаць свае любімыя месцы, ён бы абавязкова правёў шпацыр уздоўж Віліі, паказаў руіны палаца Тышкевічаў каля вёскі Рудня ў Валожынскім раёне, касцёл у Вішневе.

У Карэліі на турыстаў глядзяць як на іншапланецян

Яго любімы турыстычны раён – Карэлія. Быў там чатыры разы падчас водных паходаў. Іх ла­дзілі ўдзельнікі турыстычнага клуба “Пілігрым” Аляксей Корсак і Анатоль Акулік. Арцём узгадвае, што ў адной з груп было 23 чалавекі, сярод іх дзяўчынка трох гадоў.

Карэлія прываблівае маладзечанца сваёй разнастайнасцю – забалочаная мясцовасць, скалістая і раўнінная тэрыторыі.

– Праплывеш 100 кіламетраў, і пейзаж кардынальна мяняецца, – успамінае Арцём. –  Здзівіла, што нават на скалах бываюць забалочаныя ўчасткі, плывучыя астраўкі, на якіх растуць бярозы. Штурхнеш такі астравок – і бачыш, як ён паплыў далей.

Яго ўразіла, што туземцы глядзелі на іх, як на іншапланецян.

– Туды рэдка прыязджаюць турысты, – адзначае Арцём. – Цэны на паслугі, начлег там вельмі завышаныя.

Цікавым для яго было тое, што, каб высадзіць групу бліжэй да вады, машыніст спыняў цягнік у незапланаваным месцы.

З дарогамі ў Карэліі вялікія цяжкасці – летам мясцовыя людзі ез­дзяць на матацыклах, зімой – на снегаходах.

Арцём Цанцавіцкі “ў Дарозе” дзевяць гадоў. Фота забяспечана Воляй Трубач.

Арцём Цанцавіцкі “ў Дарозе” дзевяць гадоў. Фота забяспечана Воляй Трубач.

Падарожжы дапамаглі менш перажываць па дробязях

Мядзяльчанка Ірына Гарыдавец “у Дарозе” ўжо 11 гадоў. Летась атрымала другі разрад па альпінізме, падчас  падарожжа па гарах Цянь-Шаня.

Для яе паход – гэта магчымасць правесці вольны час, адпачыць ад штодзённых клопатаў, паразважаць над жыццём у аддаленасці ад горада, пабыць з людзьмі, апантанымі падарожжамі. Магчымасць даведвацца пра новыя мясціны, іх традыцыі, побыт.

– Паход – добры спосаб падтрымліваць фізічную форму, – дзеліцца Ірына. – Пры гэтым адчуваеш вялікую асалоду ад таго, што займаешся любімай справай і не прымушаеш сябе трэніравацца ў спартыўнай зале.

Ірына адзначае, што падарожжы дапамаглі ёй стаць больш сабранай, менш перажываць па дробязях, цаніць дапамогу і падтрымку. Як яна лічыць, цяпер стала лепш разумець людзей.

На Каўказе горы суровыя

Мядзяльчанка вандравала па гарах Крыма, Карпатаў, Каўказа, Цянь-Шаня. Падарожнічала па Пскоўскай вобласці, па Беларусі. Была ў Кітаі.

– Там мяне здзівіла стаўленне да еўрапейцаў. У транспарце мне саступалі месца, рабілі кампліменты, прасілі зрабіць фотаздымак, – з захапленнем расказвае Ірына.

Любімыя месцы жанчыны – Белае возера на Мядзельшчыне каля вёскі Гатавічы, Нарач і яго ваколіцы.

Яе любімы турыстычны раён – Каўказ. Першы раз была там з удзель­нікамі турыстычнага клуба “Альтаір” у Беларускім дзяржаўным інстытуце інфарматыкі і радыёэлектронікі. Яна была там кіраўніком на працягу шасці гадоў.

– Там сапраўдныя горы, на маю думку, – распавядае Ірына. – Яны высокія, скалістыя, на іх не расце лес. Магу пра іх нават сказаць, што яны суровыя. Крым і Карпаты больш утульныя.

Як вандроўка змяніла жыццё смаргонца Аляксея Сабельнікава і маладзечанкі Іны Высоцкай