Галіна Давыдаўна пачала чытаць газету з моманту з’яўлення. У той час яна працавала настаўніцай пачатковых класаў СШ №9 у Маладзечне. Праз некаторы час ёй стала цікава, хто ж яе робіць, і прыйшла ў рэдакцыю пазнаёміцца. Ад таго часу яна перыядычна заходзіць, каб падзяліцца сваімі навінамі ды абмеркаваць нашы.
– Газета злабадзённая. Матэрыялы актуальныя і своечасовыя. Мне падабаецца, што на яе старонках я магу ўбачыць людзей, з якімі знаёмая, якіх бачыла ці нават вучыла. Як, да прыкладу, галоўнага трэнера футбольнага клуба “Маладзечна” Аляксандра Гармазу.
Ці зусім нядаўна выйшаў артыкул пра юбілей доктаркі Марыі Зяцевай. Я ж колькі гадоў з ёй знаёмая! Калі пабачыла ў газеце, што ў яе такая дата, спецыяльна завітала ў паліклініку ды павіншавала.
Асабіста мне блізкія старонкі, прысвечаныя гісторыі. Люблю разглядаць старыя здымкі.
Калі б спыталіся, што выкінуць з газеты, нічога б не выбрала. Усё трэба. Муж мой, як атрымлівае свежы нумар, пачынае з разгадвання судокі.
Газета пашырае кругагляд. Яна падыдзе кожнаму, незалежна ад узросту.
І, вядома, прыемна чуць беларускую мову. Прыходзіш да вас у рэдакцыю, а тут і на дзвярах – “Заходзьце, калі ласка”.
Галіна Мушкіна пра “РГ”: “Я вучыла футбольнага трэнера Аляксандра Гармазу, пра якога вы пішаце”