Прэмію Мінаблвыканкама “Чалавек года Міншчыны” ўручылі 27 сакавіка ў Жодзіне. Атрымалі яе 20 чалавек.
У іх лік увайшлі пяць прадстаўнікоў рэгіёна (спіс прыводзіць “Мінская праўда”). Два з іх з Маладзечна. Гэта дырэктар ПМК №212 Вячаслаў Бярнацкі і старшы аперупаўнаважаны па асабліва важных справах аддзела па барацьбе з кантрабандай і адміністрацыйнымі мытнымі правапарушэннямі Мінскай рэгіянальнай мытні Вячаслаў Бомбель.
У спісе таксама двое прадстаўнікоў Мядзельшчыны: начальнік Мядзельскага райаддзела па надзвычайных сітуацыях Андрэй Каркоцкі і ветэран Вялікай Айчыннай вайны Міхаіл Гардон. Гэта другое пачэснае званне для Міхаіла Гардона за апошні час: месяц таму “РГ” паведамляла, што Міхаіл Гардон стаў ганаровым грамадзянінам Мядзельскага раёна.
Таксама “Чалавекам года Міншчыны” прызналі машыніста экскаватара філіяла ДБУ №13 “Дарожна-будаўнічы трэст №5” Дэпартамента “Белаўтадар” Міхаіл Мовчуна (Вілейка).
Даведка “РГ”
Прэмія “Чалавек года Міншчыны” заснаваная ў 2011 годзе для стымулявання творчай працы, прапаганды інавацыйных ідэй, перадавога вопыту і прызнання дасягненняў у вытворчай, творчай і грамадскай дзейнасці.
Пераможцы абласнога конкурсу вызначаюцца ў трох намінацыях: вытворчая дзейнасць, невытворчая сфера, грамадска-палітычная дзейнасць.
Уладальнікам ганаровага звання ўручаецца прэмія – 100 базавых велічынь (18 мільёнаў рублёў).