У фокусе праваахоўнікаў апынуліся кіраўнікі  камбікормавага завода, таварыства “Даўгінава”, а таксама адна са службовых асоб раённага спажывецкага таварыства.

Асудзілі дырэктара “Даўгінава”

Дырэктара таварыства “Даўгінава” падазравалі ў службовым падлогу. Следчы камітэт двойчы рыхтаваў пастанову аб спыненні папярэдняга расследавання гэтай справы, а пракуратура двойчы адмяняла. Летась у чэрвені дадаткова ўзбудзілі крымінальную справу. Прычына ­− заведама лжывыя звесткі пра ход і вынікі сельскагаспадарчых работ у дзяржаўнай статыстычнай справаздачнасці. У студзені крымінальную справу накіравалі ў суд Вілейскага раёна.

Паводле прыгавору суда, 16 лютага дырэктара прызналі вінаватым і асудзілі ў злачынствах па артыкуле “Службовы падлог”. Яму прызначылі пакаранне − пазбаўленне права займаць пасады, звязаныя з арганізацыйна-распарадчымі і адміністрацыйна-гаспадарчымі паўнамоцтвамі на тры гады, а таксама штраф на сто базавых велічынь (18 мільёнаў рублёў)

Злоўжыванне службовымі абавязкамі і крадзеж у буйным памеры

Супраць службовай асобы з Вілейскага спажывецкага таварыства ўзбудзілі тры крымінальныя справы карупцыйнага накірунку. Яе падазраюць у крадзяжы праз злоўжыванне службовымі абавязкамі, а таксама ў крадзяжы грошай у буйным памеры. Такія злачынствы прадугледжваюць пакаранне − пазбаўленне свабоды ад трох да дзесяці год.

Службовую асобу ўзялі пад варту. Папярэдняе следства вядзе райаддзел Следчага камітэта.

Дырэктара прыцягваюць да адказнасці за прастой

Паводле вынікаў праверкі, у лістападзе пракуратура ўзбудзіла крымінальную справу ў адносінах да дырэктара Вілейскага камбікормавага завода. Нагодай стаў зрыў  мадэрнізацыі адной з ліній вытворчасці, доўгі прастой закупленага за мяжой абсталявання за 4 мільярды 800 мільёнаў рублёў.

Звесткі пра дэбіторскую запазычанасць прадпрыемстваў, пра прастой і доўгае невыкарыстанне закупленага абсталявання пастаянна аналізуюць. Таксама пракуратура аналізуе звесткі пра заможнасць тых, хто набываў дарагі транспарт, нерухомасць ці шмат валюты і пры гэтым афіцыйна нідзе не працаваў ці атрымліваў невысокі заробак. У такіх выпадках пракуратура правярае даходы праз падатковую інспекцыю і правярае дадзеныя.

Карупцыя на асаблівым кантролі

У Вілейскім раёне праваахоўныя органы ў 2014 і 2015 гадах не ўзбуджалі крымінальныя справы па злачынствах супраць парадку эканамічнай дзейнасці. Работа па выяўленні “эканамічных” злачынстваў, на жаль, не на высокім узроўні, нярэдка бессістэмная.

У Крымінальным кодэксе больш за 40 артыкулаў, якія прадугледжваюць адказнасць за “эканамічныя” злачынствы.

Найбольш распаўсюджаныя з іх − выраб ці збыт падробных грошай ці каштоўных папер, парушэнне правілаў аб здзелках з каштоўнымі металамі і камянямі, кантрабанда, ухіленне ад мытных плацяжоў, незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць, ухіленне ад выплаты падаткаў і збораў.

У 2015 годзе пракуратура Вілейскага раёна будзе акцэнтаваць увагу на карупцыйных злачынствах, а таксама накіраваных супраць парадку эканамічнай дзейнасці. Пытанне эфектыўнасці супрацьдзеяння эканамічным злачынствам разгледзяць на каардынацыйным пасяджэнні па барацьбе са злачыннасцю і карупцыяй у Вілейскім раёне.

Карупцыя ва ўладзе на Вілейшчыне: узбудзілі дзве крымінальныя справы