Ад 28 сакавіка да 4 красавіка ў краіне праходзіць тыдзень лесу, ён прымеркаваны да 70-годдзя Перамогі. Далучацца могуць усе ахвотныя.

За гэты час планавалі прыбраць смецце, пасадзіць новыя дрэвы.

У Маладзечанскім раёне высадзяць 380 дрэў. Гэта 75 гектараў. Для гэтых мэт выдзелілі 65 участкаў.

Вельмі актыўна ў тыдні лесу ўдзельнічаюць школьнікі і арганізацыі, – адзначае намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Маладзечанскага лясгаса Віталь Дземеш. – Так на месцы спаленай у вайну вёскі Сакаўшчына школьнікі добраўпарадкуюць тэрыторыю.

У Маладзечанскім лясгасе выкапаюць адзін мільён сеянцаў сасны, елкі, лістоўніцы, дуба. Частку з іх плануюць прадаць у Расію.

У Вілейскім раёне ў кожным лясніцтве ёсць участкі, на якіх пасадзяць дрэвы. Каля мемарыяльных комплексаў у вёсках Боркі і Любча прыбяруць смецце.

Як адзначыла намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Вілейскага лясгаса Таццяна Анішчык, у Воўкаўшчыне плануюць закласці парк Перамогі.