Калі закончацца працы па ачыстцы і добраўпарадкаванні Пляснянкі, ці будуць прыцягваць да іх валанцёраў? Адказы на гэтыя пытанні даведаецеся ніжэй.

“РГ” паведамляла, што ў снежні 2014 года пачаліся працы па ачыстцы Пляснянкі. На паказальны інвестыцыйны праект атрымалі 50 тысяч еўра.

Ачысцілі каля пяці кіламетраў

Працягласць Пляснянкі − амаль 11 кіламетраў, з іх па Вілейцы – каля сямі кіламетраў. На канец мінулага тыдня ачысцілі каля пяці кіламетраў. Работы ўключаюць ачыстку рэчышча ракі, умацаванне яе берагоў, прыбіранне непатрэбнай расліннасці.

Яшчэ на вуліцы Савецкай на мосце замянілі старую агароджу на новую, каваную. Зрабілі гэта пры дапамозе фірмы “Дэкормет” і садзейнічанні Вілейскай ЖКГ.

Новая агароджа. Фота забяспечана Сяргеем Ганчаром.

Новая агароджа. Фота забяспечана Сяргеем Ганчаром.

– У межах Вілейкі раку Пляснянку ачысцім усю, – кажа каардынатар мясцовага экалагічнага плана дзеянняў Вілейскага раёна Сяргей Ганчар. – Спачатку планавалі, што праект ахопіць невялікую частку ракі ў межах вуліцы Савецкай і 17 Верасня, аднак мяркуем, што грошай хопіць на ўсю Пляснянку ў межах горада.

Працы вядзе Вілейскае прадпрыемства меліярацыйных сістэм. Работы па ачыстцы ракі плануецца завяршыць у красавіку-маі.

  – Баяліся, што праз паводку не зможам працаваць на берагах. Але сёлета вялікай паводкі няма, тэхніка працуе.

На ачыстцы ракі працуюць экскаватары. Фота забяспечана Сяргеем Ганчаром.

На ачыстцы ракі працуюць экскаватары. Фота забяспечана Сяргеем Ганчаром.

Валанцёры папрацуюць яшчэ на добраўпарадкаванні

– Зараз праводзіцца збольшага механічная праца, працуе тэхніка, –  тлумачыць суразмоўца. – Ручная праца – толькі пад мастамі і там, дзе тэхніка не пройдзе. Дапамагаюць валанцёры і замацаваныя арганізацыі ў навядзенні парадку на берагах ракі.   

Жыхароў дамоў ля Пляснянкі да работ не прыцягвалі. Ад іх патрабавалася толькі адно – паразуменне.

– Падчас працы было шмат непаразуменняў, – прызнае Сяргей Ганчар. – Па-першае, каб працавала тэхніка, давялося дзе-нідзе выкарчоўваць насаджэнні. Па-другое, многія пабудавалі розныя збудаванні ў водаахоўнай зоне. Прадстаўнікі архітэктурнай і землеўпарадкавальнай службаў выязджалі да людзей, каб вырашаць спрэчныя пытанні на месцы. Мяркую, людзі разумеюць, што ўсё робіцца дзеля таго, каб палепшыць выгляд горада і экалагічны стан Пляснянкі. Што неўзабаве вельмі прывабнымі будуць берагі і рэчышча ракі.

Валанцёраў да працы прыцягнуць і на этапе добраўпарадкавання, калі трэба будзе ўзнавіць паабапал Пляснянкі зялёныя насаджэнні. Гэта будзе ці ў канцы красавіка, ці ў маі. Зоймуцца гэтым прадстаўнікі школ і працуючай моладзі.

Што ў плюсе?

– Галоўнае, што экалагічная сітуацыя палепшыцца. Пасля ачысткі ў рэчцы будзе большы ток вады, яна не будзе застойвацца і менш будзе ілу. Берагавую тэрыторыю Пляснянкі добраўпарадкуюць, – працягвае Сяргей Ганчар. – Недарэмна ж ажыццяўлялі ініцыятыву пад лозунгам “Ачысцім малую раку Пляснянку – выратуем Балтыйскае мора”. Бо Пляснянка ўпадае ў Вілію, Вілія – у Нёман, а Нёман – у Балтыйскае мора. Адна з задач праекта – камфортнае пражыванне людзей на берагах Пляснянкі: частка ракі працякае праз цэнтр горада і прыватны сектар. Калі тут з’явіцца яшчэ якая аграсядзіба, то будзе добра.

Фота забяспечана Сяргеем Ганчаром.

Фота забяспечана Сяргеем Ганчаром.

Абноўленая Пляснянка падштурхоўвае да добраўпарадкавання

– Праект падыходзіць да фінальнай стадыі, хутка ўбачым добраўпарадкаваную Пляснянку. Але падтрыманне яе ў належным стане – задача кожнага жыхара горада. У планах – і надалей працаваць з рэгіянальным экалагічным цэнтрам у іншых накірунках, – кажа Сяргей Ганчар.

Пабачыўшы змены Пляснянкі, віляйчане сталі выказваць новыя прапановы па добраўпарадкаванні. Звярнуліся, каб арганізавалі такі праект па вадаёме ў мікрараёне Воўкаўшчына, а таксама каля пятай школы.

Людзі казалі, што гатовыя сабрацца на суботнік. Толькі прасілі даць тэхніку, каб вывезці смецце.

Даведка “РГ”. Ачыстка і добраўпарадкаванне Пляснянкі ажыццяўляецца пры садзейнічанні рэгіянальнага экалагічнага цэнтра для краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Праводзіцца яна ў межах ініцыятывы “Падтрымка ўстойлівасці планавання экалагічных мерапрыемстваў у населеных пунктах Беларусі і Малдовы” з прадастаўленнем гранту ў рамках праграмы “Узмацненне мясцовага экалагічнага планавання і экалагічнай грамадзянскай супольнасці ў Беларусі і Малдове ў 2012-2014 гадах”. Сродкі на яе выдзеліла Шведскае агенцтва міжнароднага супрацоўніцтва ў галіне развіцця (SIDA), якое фінансуе праграму STREAM.

Я толькі “за”

Пра стаўленне да пераўтварэння Пляснянкі кажа Міхал Пыско, які жыве на беразе ракі:

– Я толькі “за”. Рэчка чысціцца, выраўніваецца, робіцца глыбейшая. Адзінае, каб гэты праект давялі да канца: добраўпарадкавалі, пасеялі траву.

Па прыкладзе заходніх краін мог бы сам клапаціцца пра тэрыторыю паблізу свайго дома.

Вельмі б хацелася, каб людзі не смецілі на берагах. Але гэта трэба мяняць псіхалогію людзей.