Наш першакрасавіцкі жарт пра тэлефон у батоне выклікаў бурную рэакцыю. Калі чытачы нашага сайта каментавалі і смяяліся разам з намі, то…

У разгар працоўнага дня нам у рэдакцыю пазванілі. Жанчына, якая прадставілася супрацоўніцай хлебазавода, папрасіла тэрмінова прыбраць гэты жарт з сайта.

– У мяне ад званкоў тэлефон аж чырвоны! Некаторыя разумеюць жарт, як мы з вамі, але ж ёсць людзі, якія сварацца на нас, як мы маглі такое дапусціць.

Пасля гэтага мы насамрэч задумаліся, ці магчыма ўсё ж такі знайсці тэлефон ці іншую каштоўную рэч у звычайным батоне?

Начальнік лабараторыі Вілейскага хлебазавода Таццяна Балаш усе нашы спадзяванні абрэзала на карані:

– Натуральна, такое немагчыма. Па-першае, таму што ўсе супрацоўнікі перад тым, як прыступіць да працы, пераапранаюцца. Яны ўсе свае рэчы пакідаюць у распранальні. Там жа пакідаюць і пярсцёнкі, і ланцужкі, і завушніцы. Да працы прыступаюць строга ў спецадзенні і спецабутку. Валасы абавязкова закрытыя шапачкай. Нават калі б нейкім цудам тэлефон трапіў у ёмістасць з цестам, то там стаяць такія магутныя рычагі, што тэлефон разляцеўся б на дробныя запчасткі.

А калі б тэлефон усё ж трапіў у печку?

– Батон запякаецца цягам 20-25 хвілін у духоўцы, дзе тэмпература 200-250 градусаў. Ну, як вы думаеце, змог бы ён званіць пасля такога іспыту?