Акцёр Мінскага абласнога драматычнага тэатра Алег Чэчанеў раіць хлебазаводу запрасіць карэспандэнтаў “Рэгіянальнай газеты” на вытворчасць, каб пераканаліся, што айфон у батон трапіць не мог. Пра гэта ён піша ў сваім “жывым часопісе”.

Справа ў тым, што нейкая пакупніца набыла гарачы, з пылу з жару (!), батон з запечаным у ім айфонам, адкуль праз нейкі час раздаўся званок гаспадыні айфона, работніцы хлебазавода, з просьбай вярнуць ёй апарат у абмен на торт. Артыкул падрыхтаваны выдатна. Націснуўшы на радок “Чаму вы ніколі не знойдзеце айфон у батоне?”, можна прачытаць падрабязны каментар спецыяліста пра тое, што патрапіць у цеста пабочныя прадметы ніяк не могуць. Розыгрыш хутка трапіў у адзін з топаў інтэрнэта. Ну, пажартавалі і “паехалі” далей. Наступная станцыя – 1 красавіка – нікому не вер.

Але не ўсё так проста. Кіраўніцтва прадпрыемства, натхнёнае тэлефанаваннямі спажыўцоў, якім няўцям, што за дата на календары, відавочна, вырашыла прыняць контрмеры.

У рэдакцыі раздаліся званкі з гнеўнымі выказваннямі: як гэта вы, журналісты, змаглі замахнуцца на самае святое!? Можна ўявіць рэакцыю журналістаў, якія літаральна у дзень выпуску артыкула з’елі гэты злашчасны батон з чаем, пераварылі і… забылі!

Пафантазірую, а што далей – іск аб абароне чэсці і годнасці? Замах на савецкія “скрэпы”: “Хвала рукам, што пахнуць хлебам” і “Хлеб – усяму галава”? Дык і я ж на іх вырас. Яшчэ ў школе на вытворчай практыцы на хлебазаводзе я абдзёр сабе рукі аб формы, у якіх выпякалася “цаглінка”. Гэта быў канвеер, на час. У адным радзе такіх формаў было 15 штук. І кожную з іх трэба было паспець памазаць не сіліконавым пэндзлікам, а простай анучкай, змочанай у алеі. І з курса гісторыі памятаю, што норма хлеба ў блакадным Ленінградзе даходзіла да 125 грамаў у дзень на чалавека! І чамусьці ў мяне гэты артыкул не выклікаў нейкага непрымання.

Больш за тое, хочацца задаць пытанне, а што робяць з нерэалізаванай прадукцыяй, у якой прайшоў тэрмін прыдатнасці? Куды яна дзяваецца, як перапрацоўваецца? Мае рэдкія скарыначкі дастаюцца птушкам, не выкідваць жа іх на сметніцу! Куды адпраўляюцца выставачныя, вырабленыя для кірмашоў і іншага абаранкі, крэндзелі, караваі?

Любы канфлікт можна скіраваць у нешта добрае. У гэтым выпадку, таму боку, які лічыць сябе зняважаным. А запрасіце да сябе на вытворчасць журналістаў. Няхай адчуюць вашымі супрацоўнікамі – як яны прыходзяць на змену, здымаюць з сябе усё – упрыгожванні, гадзіннікі і г.д. Надзеньце на іх стэрыльныя халаты, чэпчыкі… На фотаапарат – стэрыльны чахол. Няхай зробяць рэпартаж – як у вас на самой справе ўсё цудоўна.

Гэта і вам, хлебазаводу, дадатковая (БЯСПЛАТНАЯ!) рэклама. І супакойце тую панурую частку спажыўцоў, якія зусім забыліся, што ёсць такі дзень – Дзень дурня, у які прынята ўсіх разыгрываць.