“Будуць іншыя святкаваць, а не я. Чакаю, што хутка памру, і ніякіх планаў”, – сказаў Барыс Уладзіміравіч пра тое, як сустрэне свой дзень нараджэння.
Барыс Кіт раскрыў свой сакрэт даўгалецця: “Нічога не раблю для гэтага. Выбіраюся гуляць, калі добрае надвор’е.
40 гадоў мужчына жыве ў Германіі. Прыехаў сюды на пенсіі выкладаць матэматыку для салдат на амерыканскіх вайсковых базах. А як адпрацаваў так дваццаць гадоў, то тут і асеў. Але застаецца грамадзянінам ЗША.
Барыс Кіт нарадзіўся 6 красавіка 1910 у Пецярбургу. Пачатковую адукацыю атрымаў у Навагрудскай гімназіі. Скончыў фізіка-матэматычны факультэт Віленскага ўніверсітэта. З 1933 года выкладаў матэматыку ў Беларускай гімназіі ў Вільні, а ў 1939 годзе стаў яе дырэктарам.
У 1940 годзе заняў пасаду акруговага інспектара Баранавіцкай навучальнай акругі, арганізаваў пачатковыя і сярэднія школы ў Валожынскім, Баранавіцкім, Слонімскім і Ваўкавыскім раёнах. Аднавіў Беларускую гімназію ў Навагрудку. Актыўны ўдзельнік беларускага нацыянальнага руху ў Заходняй Беларусі.
Удзельнічаў у распрацоўцы першых амерыканскіх касмічных і ракетных сістэм.
Першым разлічыў прынцыпы выкарыстання вадароду як паліва для касмічных ракет.
У часы гітлераўскай акупацыі ратаваў беларускую моладзь ад вывазу ў Германію. Трапіў у рукі гестапа, ледзь не загінуў у турэмным засценку. У 1940-х выехаў у Германію, а затым у ЗША.
Веды Барыса Кіта высока ацэненыя ў свеце. Ён з’яўляецца акадэмікам Сусветнай акадэміі астранаўтыкі (Парыж), членам Амерыканскага астранаўтычнага таварыства.
У Навагрудку створаны музей Барыса Кіта.
Барыс Кіт у гутарцы з карэспандэнтам “Нашай Нівы” наракаў толькі на адно: рэдка заязджаюць да яго цяпер беларусы.
Каляндар: 105 гадоў з дня нараджэння Барыса Кіта