У зале выстаў краязнаўчага музея можна пабачыць незвычайныя карціны гродзенскага мастака Аляксандра Сільвановіча. Працуе ён у такім накірунку сучаснага мастацтва як “прадметны сімвалізм”.

“Гэтае мастацтва іншае ад таго, да якога мы прывыклі: “У рамцы холсцік, на холсціку пейзаж, нацюрморт, партрэт”, – адгукаліся пра выставу мастака ў Беластоку.

– Чым цікавыя гэтыя працы? Творца звяртаецца да міфічных вобразаў, паданняў – таго сімвалізму, які калісьці стваралі нашы продкі, імкнецца перакласці яго на сучасны лад. Некаторыя працы можна атаясаміць са старадаўнім клінапісам, – расказвае навуковы супрацоўнік музея Надзея Аўдзей.

Творца з’яўляецца ўдзельнікам шматлікіх пленэраў у Беларусі, Польшчы, Літве, Харватыі і Грэцыі. На выставу “Фамільны альбом” ён прывёз у Вілейку 15 прац.

Вобразы, што нараджаюцца з літар

Сярод іх творы з праекта “Альфабэт”. Асноўным сімвалам іх з’яўляецца літара. А з літар ствараюцца надпісы і вядомыя вобразы – піраміда, лабірынт.

Ёсць карціны, прысвечаныя Гродзеншчыне. А ў працы “Зямля пад белымі крыламі” сабраныя вобразы розных твораў Уладзіміра Караткевіча.

Цэнтральны твор выставы – трыпціх “Фамільны альбом”. На ім паказаны тры роды, як якіх пайшоў мастак: Лазоўскія, Шкляры і Сільвановічы.

– У працы выкарыстаныя старыя фотаздымкі. Яшчэ намалаваныя сімвалічныя маленькія дрэўцы, домікі, вобразы, якія паказваюць той час і ўпісваюцца ў агульную канцэпцыю, – дзеліцца Надзея Аўдзей. – Выкананы твор у цёплых танах і перадае пяшчоту і любоў да родных каранёў, сваёй радзімы.

На адкрыццё выставы сярод іншых завіталі сябры мастака. Дзяліўся ўспамінамі вілейскі архітэктар і краязнаўца Анатоль Капцюг – ён знаёмы з мастаком па Гродне.

Слова мае Аляксандр Грышкевіч. Фота забяспечана Надзеяй Аўдзей.

Слова мае Аляксандр Грышкевіч. Фота забяспечана Надзеяй Аўдзей.

Прыехаў сталічны мастак Аляксандр Грышкевіч (карані яго з вёскі Дашкаўка на Вілейшчыне, а нарадзіўся і вырас ён у Маладзечне). Ён паспрыяў правядзенню ў Вілейцы выставы сябра: доўгі час падштурхоўваў творцу да гэтага. Сказаў Аляксандр Грышкевіч, што мастак, можна сказаць, адзіны ў Беларусі працуе ў такой тэхніцы.

Працягнецца выстава да 19 красавіка.