У конкурсе ўдзельнічалі шэсць настаўнікаў з педагагічным стажам да пяці год.
Абышоў усіх прадстаўніц цудоўнай паловы і стаў пераможцам адзіны мужчына-удзельнік – настаўнік геаграфіі Сцешыцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы Максім Ляшкевіч. Ён жа стаў уладальнікам прыза глядацкіх сімпатый.
– На ваш погляд, за лік чаго ўдалося перамагчы? – пытаю ў яго.
– Напэўна, таму што быў адзіным прадстаўніком моцнай паловы чалавецтва сярод удзельнікаў, – усміхаецца Максім.
Лаўрэатамі конкурсу сталі настаўніца англійскай мовы пачатковай школы №6 Вілейкі Таццяна Верамей і педагог-псіхолаг сярэдняй школы №1 Вілейкі Анастасія Лях.
Найцікавейшым быў працэс падрыхтоўкі
Конкурс уключаў у сябе ўрок, які трэба было правесці ў сваёй школе (тэма і клас па выбары самаго настаўніка). А таксама – псіхолага-педагагічнае тэсціраванне, творчую самапрэзентацыю ўдзельнікаў, абарону аўтарскіх інавацыйных адукацыйных праектаў, прысвечаных Году моладзі.
– Самым цікавым для мяне быў сам працэс падрыхтоўкі, так як у падобным конкурсе прымаў удзел упершыню, – дзеліцца Максім. – Было цікава ўбачыць, як адно і тое ж конкурснае заданне можна вырашыць абсалютна рознымі спосабамі. Даведаўся шмат новага, што можа спатрэбіцца мне ў далейшай педагагічнай кар’еры.
– Што было самым цяжкім?
– Для мяне – выхад на сцэну, самапрэзентацыя і абарона свайго праекта, бо вельмі моцна хваляваўся.
Прызнаецца Максім, што настаўнікам стаў і не сказаць, што выпадкова, але і мэтанакіравана педагогам быць не імкнуўся. Вучыўся ён у БДУ на геаграфічным факультэце па спецыяльнасці “Географ, выкладчык геаграфіі”.
Так склаліся жыццёвыя абставіны, што другога верасня 2013 года ён стаяў на лінейцы, прысвечанай першаму званку – ужо як настаўнік.
Другі год працуе ў школе настаўнікам геаграфіі. Жыве ў вёсцы Хадасы, на працу дабіраецца на школьным аўтобусе.
– Праца прыносіць мне пэўнае задавальненне, так як магу падзяліцца сваімі ведамі з дзецьмі, дапамагчы ім абраць будучы шлях у жыцці, – разважае.
У школе з 25 настаўнікаў усяго толькі чацвёра мужчын. Максім цалкам падтрымлівае меркаванне, што мужчын-настаўнікаў у школах павінна быць значна больш:
– На маю думку, паўнацэннае выхаванне дзіцяці як асобы магчыма толькі ў выпадку, калі сям’я поўная: есць і маці і бацька. А школа ў некаторым сэнсе і з’яўляецца сям’ей.