“Містара “Зубраня”-2015” упершыню выбралі 25 сакавіка ў Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчага цэнтры.

Удзельнічалі шэсць хлопцаў. Да фіналу адбыліся конкурсы фота і эрудыцыі. На сцэне ж удзельнікі паказалі відэавізітоўкі, творчыя нумары. Быў яшчэ конкурс “Сітуацыя”, спартыўны выхад, гранд-дэфіле са сваімі спадарожніцамі.

Усе ўдзельнікі сталі найлепшымі ў нейкай намінацыі. У інтэрнэт-галасаванні перамог настаўнік Павел Роўба. “Віцэ-містарам” стаў галоўны інжынер цэнтра “Зубраня” Аляксей Швед. А перамог у конкурсе Сяргей Сечын – выхавальнік аднаго з корпусаў.

– Калі абвясцілі пра перамогу, не адразу гэта ўсвядоміў. Але, натуральна, ўзрадаваўся, – кажа Сяргей Сечын.

Лічыць ён, што, напэўна, журы ўдалося пакарыць сваёй усмешкай.

Што было найлягчэй і найскладаней у конкурсе?

– Самае лёгкае было прыняць рашэнне аб удзеле. А самае складанае – зрабіць творчы нумар. Гэта быў танец са сваёй дзяўчынай. Да апошняй хвіліны нумар планаваўся іншы, але проста не хапіла часу на  падрыхтоўку. Давялося замяніць на больш просты, але як аказалася – не менш варты.

Прызы для ўдзельнікаў конкурсу падрыхтавалі прыстойныя. Напрыклад, “Віцэ-містэра” ўзнагародзілі турыстычнай пуцёўкай па Усходняй Еўропе, а пераможца адправіцца ў заходнееўрапейскія краіны.

Яшчэ адным падарункам для канкурсантаў і іх дзяўчат стала экскурсія ў этнакультурны комплекс “Наносы-Наваселле” ля Нарачы.