У санаторнай школе-інтэрнаце для дзяцей з захворваннямі касцёва-мышачнай сістэмы і злучальнай тканкі ўсё робяць, каб дзеці пазбавіліся ад скрыўлення пазваночніка.
У Мінскай вобласці ёсць дзве такія ўстановы адукацыі, дзе лечаць дзяцей са скаліёзам: адна у Маладзечне, другая – у Мінску.
На лячэнне дзеці едуць і з іншых абласцей
Школа добра зарэкамендавала сябе не толькі ў Мінскай вобласці, але і за яе межамі. Штогод ёсць заяўкі на лячэнне дзяцей з Гродзенскай і Гомельскай абласцей. Хаця ў іх ёсць ўстановы такога тыпу.
– Раней многія бацькі з асцярогай аддавалі дзяцей у нашу школу, – расказвае псіхолаг Марыя Аўдзеенка. – Іх бянтэжыла назва – школа-інтэрнат, узнікалі асацыяцыі з установамі, у якіх знаходзяцца сіроты. Цяпер бацькі спакайней ставяцца да нашай установы, разумеюць, што школа так называецца таму, што дзеці тут не толькі вучацца і лечацца, але і жывуць.
Лячэнне можа доўжыцца ад адной чвэрці да ўсяго навучальнага года (ад верасня да мая). На канікулы дзеці едуць дадому, бацькі могуць прыязджаць да іх у госці.
Фота забяспечана Марыяй Аўдзеенка.
Дзяцей са скаліёзам стала больш
Спецыялістаў школы-інтэрната бянтэжыць, што апошнім часам павялічваецца колькасць дзяцей з захворваннямі спіны і пазваночніка.
– Калі раней, у 70-80 гады, медыкі не лічылі скаліёз захворваннем, то цяпер яго разглядаюць як сур’ёзную хваробу, – адзначае загадчык медыцынскага аддзялення санаторнай школы-інтэрната Сяргей Іваненка. – Гэта звязана з тым, што дзеці мала рухаюцца, доўга сядзяць у адным і тым жа становішчы.
Скрыўленне вызначаюць да міліметра
Калі дзяцей накіроўваюць у школу-інтэрнат з захворваннямі касцёва-мышачнай сістэмы і злучальнай тканкі, ім робяць камп’ютарную аптычную тапаграфію пазваночніка. Падчас яе спецыялісты да міліметра вызначаюць, у якім аддзеле пазваночніка ёсць скрыўленне. Пасля курсу лячэння тапаграфію робяць яшчэ адзін раз. Вынікі параўноўваюць паміж сабой.
Часам у школу звяртаюцца бацькі, дзеці якіх маюць чацвертую, самую апошнюю, стадыю скаліёзу. Некаторыя з іх прыязджаюць з гарсэтам, некаторым яго прыпісваюць насіць спецыялісты школы.
– Калі ў чалавека хворы пазваночнік, ад гэтага церпяць і іншыя органы, – расказвае артапед-неўролаг санаторнай школы-інтэрната Аляксандр Валасковіч. – Таму ў дзяцей мы лечым і спадарожныя захворванні.
Дактары школы-інтэрната адзначаюць, што дасведчанаму артапеду-стаматолагу дастаткова паглядзець на сківіцу чалавека, каб сказаць, у якім стане знаходзіцца пазваночнік. Таму дзеці назіраюцца і ў стаматолага, які падтрымлівае стан зубоў і сківіцы ў нармальным стане.
Стральба з лука – адна з формаў лячэння скаліёзу
У школе-інтэрнаце скаліёз лечаць комплексна. Лячэнне ўключае індывідуальную карэкцыю паставы і пазваночніка, лячэбную фізкультуру, вітамінатэрапію, кіслародныя кактэйлі, электрастымуляцыю мышцаў, падчас якой выкарыстоўваюцца токі рознай частаты і сілы. Такім чынам мышцы пачынаюць лепш працаваць.
Тры разы на тыдзень праходзяць заняткі па лячэбным плаванні, для дзяцей з грудапаяснічным скаліёзам – заняткі па стральбе з лука. У зімовы час – хадзьба на лыжах.
Спецыяльнымі гразевымі сурвэткамі накрываюць цела дзіцяці падчас цеплавых працэдур.
– Вынікі лячэння ў многім залежаць ад старанняў дзіцяці падчас заняткаў лячэбнай фізкультурай, ад пастаяннага кантролю за сваёй паставай, – расказвае доктар.
Настаўнік лячэбнай фізічнай культуры Дзяніс Бараноўскі дапамагае выконваць практыкаванне свайму вучню. Фота забяспечана Марыяй Аўдзеенка.
Дзіця назіраюць і пасля заканчэння лячэння
Пасля лячэння дзіцяці даюць спіс рэкамендацый, якія дапамогуць падтрымліваць пазваночнік.
– І пасля гэтага мы не пускаем дзіця ў свабоднае плаванне, – расказвае псіхолаг Марыя Аўдзеенка. – Па праходжанні некаторага часу запрашаем бацькоў на кансультацыі, а дзяцей – на прафілактычны агляд. Яны могуць звяртацца па кансультацыю па тэлефоне.
Як адзначае спецыяліст, жыццё дзіцяці ў школе-інтэрнаце нічым не адрозніваецца ад жыцця іншых дзяцей.
– Нашы спецыялісты робяць усё магчымае, каб дзіця адчувала сябе камфортна, – расказвае Марыя Аўдзеенка. – У школе працуе этнаграфічны пакой, лялечны тэатр, эстрадная студыя “Асоль”, камп’ютарны клуб “Байт”, школьнае радыё, майстэрня рамёстваў. Дзеці развіваюць творчыя здольнасці. У іх ёсць магчымасць вывучаць вучэбныя прадметы паглыблена.
Каб бацькі маглі праглядаць поспехі дзяцей у вучобе, спецыялісты санаторнай школы-інтэрната дапрацоўваюць на сайце сістэму электронных дзённікаў.
У школе добра, але сумую па бацьках
Дзіма Янушкевіч са Стоўбцаў у школе-інтэрнаце паўтара года. Хлопчык расказвае, што спачатку для яго было незразумела, чаму бацькі накіравалі яго сюды.
– Аднак мне тут вельмі спадабалася, – дзеліцца Дзіма. – У мяне з’явілася многа сяброў, я спяваю ў эстраднай студыі “Асоль”. Напэўна, няма ні аднаго мерапрыемства ў школе, дзе б я не спяваў!
Дома хлопчыку трэба выконваць рэкамендацыі, якія яму далі ў школе-інтэрнаце.
– Часам я лянуюся рабіць тое, што трэба, таму ўгаворваю сябе, – прызнаецца Дзіма. – Я ж не хачу назаўсёды быць у школе. Тут добра, але хачу хутчэй да бацькоў. Яны таксама сумуюць.
Фота забяспечана Марыяй Аўдзеенка.
У школе ўсе спагадлівыя, сама раблюся такой
Насця Станкевіч з аграгарадка Беразінскае на Маладзечаншчыне гаворыць, што школа навучыла яе думаць не толькі пра сябе, але і пра іншых.
– У школе і настаўнікі, і дзеці спагадлівыя, – расказвае Насця. – І я таксама навучылася быць такой. Цяпер думаю не толькі пра тое, каб мне было добра, але і маім сябрам. Стараюся нікога не пакрыўдзіць, падтрымліваю новенькіх.
На 1 красавіка – дошка ў мыле
Уладзіслаў Бойка з Пухавіцкага раёна знаходзіцца ў школе год. Юнак вельмі рады, што тут лепш навучыўся іграць на гітары.
Летась на 1 красавіка ён з аднакласнікамі пажартаваў – яны намазалі дошку мылам. Настаўніца некалькі разоў спрабавала напісаць – нічога не атрымалася, зразумела ў чым справа.
Юнак гаворыць, што самае складанае ў школе – развітвацца з сябрамі. Пасля перапісваюцца ў сацыяльных сетках, ператэлефаноўваюцца, часам сустракаюцца.
Факты пра Маладзечанскую школу-інтэрнат
1. Школа ўтварылася ў 1960 годзе як агульнаадукацыйная школа-інтэрнат. Пасля яе пераўтварылі ў школу-інтэрнат для дзяцей, хворых на скаліёз, цяпер гэта санаторная школа-інтэрнат для дзяцей, хворых на скаліёз.
2. Кожны год у школе аздараўляецца ў сярэднім 270 школьнікаў.
3. У 95% дзяцей пасля лячэння стабілізуецца здароўе. Бываюць выпадкі, калі здароўе дзяцей не паляпшаецца. Гэта звязана з індывідуальнымі асаблівасцямі арганізма. Тады дзецям і на наступны год рэкамендуюць прайсці лячэнне.
4. У санаторнай школе-інтэрнаце ёсць адзіная ў краіне зала трэнажораў Юліна. На іх можна займацца ў розным становішчы: седзячы, лежачы, стоячы. Падчас заняткаў на пазваночнік нічога не цісне зверху, яны даюць эфект выцягвання.
5. Школа-інтэрнат супрацоўнічае з вядучым спецыялістам Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра траўматалогіі і артапедыі кандыдатам медыцынскіх навук Дзмітрыем Цесаковым.