Мы запрасілі падзяліцца меркаваннем пра наша выданне аднаго з самых аўтарытэтных журналістаў Беларусі медыяэксперта Аляксандра Класкоўскага:

− “Рэгіянальная газета” – гэта выданне, за якім я сачу даволі даўно. І не толькі таму, што я як медыяэксперт павінен мець уяўленне пра рэгіянальную прэсу. Мне імпануе як чалавеку беларускамоўнаму, што гэта ўнікальны і фенаменальны для Беларусі выпадак, улічваючы нашу драматычную моўную сітуацыю. Гэта газета, якая прынцыпова ад самага пачатку робіцца на матчынай мове, на мове тытульнай нацыі.

Зразумела, што такая пазіцыя можа ствараць пэўныя цяжкасці, улічваючы, наколькі русіфікаванае грамадства. Цяжкасці могуць узнікаць і з накладам, і з рэкламай. Гэта, без залішняга пафасу, высокая місія, якая заслугоўвае адпаведнай ацэнкі.

Мне як эксперту падаецца адметным уменне канкрэтна, дзелавіта, без залішніх эмоцый гаварыць аб праблемах рэгіёна. Выданне, з аднаго боку, узважанае, а з іншага, дастаткова прынцыповае і крытычнае, якое не пазбягае праблем.

Хаця, як вядома, хто крытыкуе, той найбольш рызыкуе. Варта аддаць належнае – рэдакцыя і яе кіраўнік ідуць на разумную рызыку.

Мне бачная дынаміка выдання. Калектыў малады, крэатыўны, і газета пастаянна развіваецца. Сайт з кожным годам выглядае ўсё больш сучасна. Гэта дынаміка ёсць добрая зарука таго, што ў сённяшні эканамічна складаны час, час духоўнага крызісу грамадства, калі новыя тэхналогіі мяняюць медыйны ландшафт, “Рэгіянальная газета” і сёння, і заўтра будзе займаць сваю трывалую нішу на медыйным рынку Беларусі.

Чаму я чытаю “Рэгіянальную газету”, распавядаюць вядомыя людзі з нашага рэгіёна