Што мы ведаем пра Аляксандру Герасіменю? Вядомая беларуская плыўчыха, двухразовая віцэ-чэмпіёнка Алімпійскіх гульняў у Лондане, чэмпіёнка свету. І, мабыць, усё.

У гэтым сэнсе чытачам “Рэгіянальнай газеты” пашанцавала, бо ў вас ёсць магчымасць пазнаёміцца з Сашай з зусім іншага боку, убачыць яе, так сказаць, без макіяжу.

– У дзяцінстве я сур’ёзна займалася танцамі. Нават паспела з’ездзіць на “Славянскі базар”.

Калі вучылася ў чацвертым класе, пайшла мода на кароткія стрыжкі. Усе аднакласніцы тут жа састрыглі свае косы.  Я вагалася, вагалася і таксама рашылася. Прыйшла на танцы з кароткай стрыжкай, а выкладчык кажа: “Ну раз ты з кароткімі валасамі, то будзеш танцаваць замест хлопчыка”. Мабыць, гэта было маё апошняе наведванне танцаў. Як і адзін з апошніх эксперыментаў з прычоскай. З тых часоў толькі доўгія валасы і толькі плаванне.

“Перад стартам туплю і фарбую пазногці”

– За некалькі тыдняў да спаборніцтваў лаўлю сябе на тым, што па­чынаю тупіць. Каб супакоіць нервы, фарбую паз­ногці. За некалькі дзён да старту збіраюся і канцэнтруюся. Ніколі сабе не прыдумвала прыкмет і талісманаў. Ну а раптам згублю ці зламаю той талісман, што тады? На старт не выходзіць? У дзень спаборніцтваў, вядома, хвалююся. Калі плыву кароткую дыстанцыю, нават падумаць ні аб чым не паспяваю. Калі ж заплыў на 200 метраў, тут ужо плыву і за маму, і за тату, і за ўвесь зямны шар.

У 2012 годзе Аляксандра ўзнагароджаная ордэнам Айчыны ІІІ ступені

Сашы не вельмі падабаюцца пытанні ад журналістаў, ці задаволеная яна першым месцам, перамогай?

– Гэта няправільныя пытанні, для мяне важней пачуць, ці задаволеная я сваім вынікам. Дык вось, на чэмпіянаце ў Іспаніі (у сакавіку Аляксандра стала двойчы чэмпіёнкай Іспаніі) вынікам я не задаволеная.

– Як ставіцеся да ўзнагарод? Часта пераглядаеце?

– Ды не, даўно не пераглядала. Захоўваю дома ў шуфлядках. Ой, дарэчы, трэба пагля­дзець, раптам ужо хто скраў, дома ж гасцей шмат бывае (смяецца). Памятаю алімпійскі медаль, прыгожы быў.

З Чэмпіянату свету медаль памятаю, прыгожанькі такі, са стразікам пасярэдзіне.

Я наогул да рэчаў не прывязваюся, а да лю­дзей – так.

“ Улюблялася ў лапавухіх і крываногіх”

– Па натуры я ўлюблівая, адкрытая і таварыская. Калі была меншая, заўсёды на спаборніцтвах выбірала сабе прадмет кахання. І ўсе спаборніцтвы праходзілі ва ўздыхах і позірках. Прычым, мае фаварыты зусім не былі пісанымі прыгажунамі, такія недарэчныя, лапавухія і крываногія. Здаралася, што і расчароўвалі лю­дзі.

– І што тады робіце?

– Выдаляю з сяброў у інтэрнэце (смяецца).

– Вы актыўны карыстальнік сеціва?

– У мяне  ёсць акаўнты ў сацсетках. Я сама і групу пра сябе б вяла, каб мела дастаткова часу. Мне цікава гутарыць з людзьмі. Бывала, што і сустракалася ў жыцці, пазнаёміўшыся па перапісцы. З дзеткамі, што займаюцца плаваннем, кантактую, адказваю на іх пытанні. А сустрэўшыся на спаборніцвах, магу і шапачку падарыць. Хаця не, цяпер не падару.

Нам у 2007 годзе выдалі шапачкі, дзве штукі. Шапачкі падобныя на гаршчок, але такія, як трэба. Не кароткія, і на вочы не налазяць. І цяпер у мяне ўсе клянчаць гэту шапачку. А яна ў мяне засталася адна. Таму не дару.

Аляксандра расказала, што носіць дзве шапачкі. Пад адну хавае валасы, наверх надзявае акуляры. Потым другую, каб акуляры не звальваліся. Важна, каб верхняя шапачка закрывала ніжнюю.

“Пытанні пра замужжа мяне закалёбываюць”

Аляксандра сёлета святкуе 30-годдзе. А нарадзілася яна 31 снежня ў Мінску.

– Свой дзень нара­джэння люблю, таму што ўсё жыццё на яго атрымоўваю два падарункі. І віншуюць мяне двойчы. Днём 31 снежня тэлефануюць павіншаваць з днём нараджэння, а бліжэй да апоўначы – з Новым годам. 

На пытанне, як яна спраўляецца з крызісам 30-ці год, Саша адказала:

– Заўважыла, што замест малочнага шакаладу палюбіла горкі. А так усё. Больш ніякіх зменаў у сабе не заўважаю. Наконт узросту, мне часта задаюць пытанне: “Вам 29 год, а вы не замужам і дзяцей няма”. Мне заўсёды хочацца адказаць: “Якая вам справа да майго асабістага жыцця?” Усё будзе, як будзе. Тут галоўнае разумець, чаго ты хочаш насамрэч. І лёс прывядзе туды, куды трэба. А калі табе добра ад таго, што ты робіш, значыць, усё робіш правільна.

“Пасля Алімпіяды я  сыходжу ва ўсё цяжкія”

Да 2016 года расклад Аляксандры распісаны па хвілінах.

– Я не магу сабе дазволіць скокнуць з парашутам, пакатацца на горных лыжах ці на каньках. Не магу ў выхадны дзень напіцца з сябрамі, таму што ў мяне назаўтра трэніроўка. Я прапушчу трэніроўку, а мой сапернік яе не прапусціць, а гэта значыць, што я ўжо адстала ад яго на цэлую трэніроўку.

Вось у жніўні 2016 года (закончыцца Алімпіяда 2016 у Бразіліі) я сыходжу ва ўсе цяжкія!

Па прычыне сваёй занятасці Саша не можа наведаць турнір па плаванні “Асенні марафон” у Маладзечне, спонсарам якога з’яўляецца.

– Мне прапанавалі некалькі гадоў таму стаць спонсарам турніру, я, вядома, пагадзілася, але прыехаць самой не атрымоўваецца, таму што турнір ладзіцца во­сенню, калі ў мяне самой вельмі насычаны трэніровачны працэс. Прапануйце арганізатарам перанесці турнір і зрабіць яго “Зімнім марафонам”, я з задавальненнм прыеду падтрымаць маладых спартсменаў.

“Я нарадзілася ў сваёй краіне”

– Я люблю сваю краіну. Тут у мяне сваякі, шмат сяброў. Я часта бываю за мяжой і перыядычна ўяўляю, што вось, напрыклад, жыла б у Францыі. І разумею, што нідзе за мяжой жыць не хачу і не змагла б. Ёсць думкі паехаць на які год, але не трэніравацца, а каб папрактыкавацца ў мове. Мне падабаецца Беларусь. І я ўпэўненая, што нарадзілася ў сваёй краіне.

Бліц-апытанне Аляксандры Герасімені

– Калі шакалад, то…

– Упэўненая, што шакалад павінен быць бельгійскім, але і “Алёнкай” не пагрэбую.

– Калі від транспарту…

– У Мінску езджу на метро па татавым праязным. Людзі ў метро пазнаюць, некаторыя вітаюцца.

– Шопінгтэрапію практыкуеце?

– Як усе дзяўчаты. Не магу сказаць, што я “шмотачніца”, але некалькі рэчаў, якія ні разу не апранала, у шафе ёсць. А так купляю нешта маленькае і карыснае. Чарговы крэм, напрыклад.

– Хлорка басейна скуры і валасам не шкодзіць?

– Канешне, шко­дзіць. Два разы ў дзень мажуся крэмамі і карыстаюся маскамі. Аднойчы трэніраваліся ў Бабруйску. А там вада з іржой. Дык мы пасля гэтых збораў усёй камандай вярнуліся аднолькава рыжымі.

– Што сапернікі з іншых краін пытаюцца пра Беларусь?

– Я ўвогуле бачыла мала сапернікаў, якія б усміхаліся і распытвалі пра краіну. Амерыканцы лічаць, што Беларусь – гэта недзе ў Афрыцы. А многія ведаюць нашу краіну –  і гэта прыемна.