Сеціва ужо даўно кішыць безліччу суполак, дзе прадаюць, мяняюць, аддаюць дарма рэчы, якія былі ва ўжыванні
У такіх суполках можна знайсці ўсё: ад музычных інструментаў да антыкварнай мэблі, ад народных строяў да брэндавых рэчаў.
Тут прапануюць узяць у дар хатніх жывёл: котак, сабачак, хамячкоў, пацучкоў, чарапашак.
Тут можна пазычыць на вечар сумачку ці мабільны тэлефон, пакуль ваш у рамонце.
Але вось што дзіўна. Не паленаваўшыся і пагартаўшы старонку на месяц назад, можна заўважыць, што адны і тыя ж рэчы аддаюць розныя людзі.
На ўмовах ананімнасці з намі пагадзілася пагутарыць жанчына, якая “актыўнічае” ў такіх суполках даўно:
– Ды пачалося неяк нечакана. Заўважыла, што ў суполцы аддаюць вельмі прыгожыя туфлі. Я марыла пра такія. Дамовілася з гаспадыняй. Узяла шакаладку і паехала па туфлі. Забрала, а дома памерала – маленькія. Таму давялося іх зноў выкласці ў суполку. Але адна дзяўчына напісала, што гатовая іх купіць у мяне. І я падумала: а чаму б не?
Цяпер гэта справа займае мяне цалкам. Нешта забіраю, нешта аддаю, што лепшае, прадаю ў іншых суполках.
Толькі, калі ласка, не называйце мяне.
Наконт таго, ці трэба штосьці браць у якасці падзякі, у саміх удзельнікаў суполкі ўзнікаюць жорсткія спрэчкі. Да аб’явы пра абмен рэчаў гаспадары часам дадаюць: аддам за нешта смачнае, памяняю на латарэйны білецік, прашу ўзамен пачак памперсаў.
Разважае ўдзельніца суполкі Аксіння:
– У групу ўступіла летам 2014 года. Чакалася папаўненне ў сям’і, а ў сувязі з кусачымі цэнамі на дзіцячыя тавары шукалі што-небудзь таннае, але не зусім старое. Пасля дома задумалі рамонт, перастаноўку і таксама сталі ў суполку прапаноўваць і мэблю, і вопратку, і посуд. Пакуль ніякіх сур’ёзных праблем не было.
Была гісторыя з бежанцамі з Украіны, якія кляліся, што ўсё забяруць, а ў выніку сталі круціць носам. Цяпер запісы пра тое, што бежанцы нешта возьмуць у дар, абыходжу міма.
Быў нядаўна наезд з боку аматара халявы, які казаў, што няправільна ў суполцы “Аддам дарма”, дзе ўсё абменьваецца або аддаецца, прасіць за рэчы што-небудзь смачнае ці яшчэ што. Ну калі рэч у добрым стане, то чаму б і не папрасіць за яе што-небудзь дзіцяці або сабе да гарбаты?
Але сустракаюцца розныя людзі: нядаўна выкідвала камбінезон на хлопчыка, абсалютна новы, за пачак памперсаў (130 тысяч). І адна дзелавая дама напісала гнеўны ліст, маўляў, камбез ношаны, а вы памперсы хочаце, лепш бы проста аддалі. А так група добрая, карысная.
Удзельніца Юля прызнаецца, што рэчы толькі аддае:
– Я шапаголік. Шмат рэчаў скупляю і шмат чаго не нашу. А яшчэ пасля родаў накупіла рэчаў, але хутка вярнула сваю ранейшую вагу і яны сталі непатрэбнымі, вялікімі. А зараз разгружаю шафу, вось і аддаю ўсё, што мне не трэба.
Самыя незвычайныя аб’явы на сайце
Перагледзеўшы шмат допісаў людзей, можна ўбачыць шмат цікавага. Мы склалі спіс рэчаў, якія нам падаліся цікавымі ці незвычайнымі:
1. Прыму ў дар 16-кілаграмовую гіру
2. Прыму ў дар стужкі для сватоў
3. Прыму ў дар пілотку
4. Прыму ў дар матрошку
5. Дзве манеткі па 1 еўра абмяняю на пачак макароны
6. Прыму ў дар сем пустых бутэлек ад гарэлкі
7. Аддам бараніну
8. Аддам дзірку ад абаранка
9. Прыму ў дар хадулі
10. Аддам дарма шпаргалкі па матэматыцы
11. Вазьму ў дар фіялкі, пажадана з коранем
12. Пустыя круглыя каробачкі ад “Рафаэлы”. Прыму ў дар
13. Прыму ў дар цацкі для сабакі
14. Аддам дарма кабачкі
15. Аддам дарма скрыпку
16. Людзі, можа, у каго ёсць белая фарба ў балончыку, нам проста трэба напісаць на асфальце
17. Аддам сабачую будку