Двое вяскоўцаў з вёскі Пугачы, аднаму з якіх 46 гадоў, другому – 23,  вырашылі выпіць.

Калі алкаголь скончыўся, а жаданне выпіць яшчэ не, знаёмыя вырашылі прадаць аўтамабіль “Масквіч”, што стаяў у двары суседа.

23-гадовы ўдзельнік здзелкі патэлефанаваў сваім знаёмым, што ёсць машына на продаж.

Знаёмыя прыехалі, машыну паглядзелі.

46-гадовы мужчына распавёў пакупнікам, што гэта яго машына, якая дасталася яму ў спадчыну. Але з-за таго, што на машыне доўгі час ніхто не ездзіў, згубіліся ключы і дакументы на яе.

Пакупнікі паверылі, машыну з другога разу завялі, заплацілі за яе 50 долараў і з’ехалі.

На наступны дзень у міліцыю патэлефанавалі жыхары вёскі, што жылі па суседстве, і сказалі, што з двара знікла машына, якая належыць чалавеку, што жыве ў Маладзечанскім раёне, а машына проста стаіць на захоўванні.

Супраць двух прадпрымальных мужчын узбуджаная крымінальная справа па артыкуле крадзеж.

– Машына і матэрыяльная шкода вернутыя ўладальніку, – распавяла “Рэгіянальнай газеце” старшы следчы Валожынскага аддзела Следчага камітэта Юлія Селятыцкая.