Таццяна Цітуленка пра беспрацоўе можа разважаць не толькі з пазіцыі кіраўніка аддзела занятасці. Яна і сама двойчы была беспрацоўнай.

Таму дзеліцца парадамі, як шукаць працу.

Беспрацоўных у Вілейскім раёне за год стала больш амаль утрая: з 81 да 221 чалавека. Вакансій жа, наадварот, за год паменела з 80 да 48.

Асабліва рэзка колькасць вакансій зменшылася ў горадзе – утрая. На адну вакансію ў Вілейцы прыходзіцца сем беспрацоўных (год таму – адзін).

Рост беспрацоўя характэрны не толькі для Вілейшчыны. “РГ” пісала, што на пачатак года колькасць беспрацоўных павялічылася ва ўсіх раёнах рэгіёна. 

 Мужчыны цікавяцца працай вартаўніка

У многім беспрацоўных большае ў сувязі з Дэкрэтам “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства”.

Напрыклад, на Вілейшчыне беспрацоўных паболела ўжо ў студзені. А найбольш людзей у аддзел занятасці прыйшло ў сакавіку. За месяц звярнуліся 100 чалавек, 50-ці з іх прызначылі дапамогу.

А тыя, хто не верыў, што дэкрэт хутка падпішуць, захваляваліся цяпер. Ужо ў панядзелак у аддзел прыходзілі два маладыя чалавекі, казалі што прымусіў завітаць так званы “падатак на дармаедства”.

Аднак павелічэнне беспрацоўных не звязваюць толькі з дэкрэтам. Хтосьці пасля дэкрэтнага адпачынку шукае лепшую працу, з кімсьці не працягнулі кантракт. Ды і прадпрыемствы сталі штат аптымізаваць. Па дадзеных аддзела, за год на Вілейшчыне скарацілі 50 чалавек.

–  Людзі шукаюць, каб была большая зарплата і не вельмі цяжкая праца – і гэта зразумела, – кажа Таццяна Цітуленка. – Шукаюць працу бухгалтара, эканаміста. Завітваюць і зусім без адукацыі, гатовыя на любую работу. Мужчыны вельмі цікавяцца працай вартаўніка. Але маюць пра яе састарэлае ўяўленне. Цяпер нармальныя вартаўнікі павінны мець добрае здароўе, хутка бегаць.

Беспрацоўе набывае мужчынскі характар

Раней газеты часта пісалі пра “беспрацоўе з жаночым тварам”. І для Вілейкі тое было характэрна: сярод беспрацоўных было каля 70% жанчын.

Але апошнім часам на ўліку стала больш мужчын. Калі браць звесткі па горадзе, то цяпер са 155 беспрацоўных 64 жанчыны.

Партрэт сярэднестатыстычнага беспрацоўнага: мужчына пасля 40 год, бліжэй да 50. У яго максімум сярэдняя спецыяльная адукацыя, найчасцей вучыўся ў ПТВ.

 Большасць з тых, хто стаіць на ўліку, хоча знайсці працу, ахвотна ідзе на навучанне новай спецыяльнасці, падкрэслівае Таццяна Цітуленка.

– Будзем актыўней працаваць, каб падштурхнуць беспрацоўных заняцца прадпрымальніцкай дзейнасцю, – кажа яна. – Ёсць кароткатэрміновыя курсы, дзе знаёмяць з азамі справы. Раней меркавала, што гэтаму вучыць не трэба, прадпрымальнікам можа быць кожны. Купі-прадай – і ўсё. А гэта свая навука. Лічу, што трэба людзей прывучаць быць самім адказным за свой лёс.

Парады, для тых хто шукае працу

Таццяна Цітуленка сама шукала працу і дзеліцца досведам:

– Самае галоўнае – не панікаваць. Гэта ніколі нікога не выратоўвае. Не саромейцеся гаварыць, што аказаліся без працы – мо, людзі падкажуць варыянты працаўладкавання. Рабіце ўсё паралельна: расказвайце знаёмым, прыходзьце ў службу занятасці. Але спачатку зрабіце добрае рэзюме, занясіце ва ўсе арганізацыі, дзе вашы навыкі могуць быць карысныя. Чалавек павінны ўмець сябе выгадна падаць.

Топ-вакансій на Вілейшчыне

Актуальныя вакансіі можна знайсці на сайце райвыканкама, у раздзеле “Вакансіі” і ў банку дадзеных на сайце Міністэрства па працы і сацыяльнай абароне. Па дадзеных на 6 красавіка на Вілейшчыне найбольшы заробак абяцаюць галоўным энергетыку, ветдоктару і заатэхніку ў “Першым Беларускім” – па 6,5 мільёна рублёў. 5,5 мільёна гатовы плаціць галоўнаму інжынеру ў Вілейскім райаграсэрвісе. Прытым, што абедзве гэтыя арганізацыі маюць запазычанасці па заробку паводле Нацстата на 1 красавіка.

Менш за ўсіх на поўную стаўку зможа зарабіць повар у садзе-школе на вёсцы і педагог-псіхолаг – два мільёны 200 тысяч.

 Лічба тыдня: найбольш арганізацый з запазычанасцямі па зарплаце ў Маладзечне і Вілейцы (+Спіс )

Беспрацоўныя не хочуць ісці ў сельскую гаспадарку