У пятніцу, 10 красавіка, хакеісты з “Дынама-Мала­дзечна” сустрэліся з дзецьмі – выхаванцамі інтэрната № 2 для дзяцей з парушэннямі зроку.

Дарэчы, гэта не першая сустрэча дынамаўцаў з дзецьмі.

– Мы з радасцю прыходзім у інтэрнат, таму што тут мы адпачываем, калі кантактуем з дзецьмі, – прызнаецца хакеіст Яўген Лявонаў.

У гэты дзень адпачыць гасцям дзеці  не далі, таму што падрыхтавалі для іх сапраўднае выпрабаванне – гульню “Інтэлектуальны хакей”.

Паўжартаўлівая гульня аказалася сапраўдным паядынкам паміж хакеістамі і дзецьмі. Але хто быў больш дзёрзкім – пытанне адкрытае.

Умовай першага конкурсу было прыдумаць як мага болей сінонімаў да дзеяслова смяяцца. Дзеці прапаноўвалі словы ўсміхацца, весяліцца, у хакеістаў жа ўсё было па-даросламу – лахаць, угараць.

У другім конкурсе трэба было прачытаць скорагаворкі, затым назваць як мага больш відаў спорту.

У амаль роўнай барацьбе каманда хакеістаў усё ж апярэдзіла каманду дзяцей і выйграла з лікам 15:14.

На пытанне да гульцоў “Дынама-Маладзечна”, чаму не паддаліся дзецям, хлопцы адказалі, што ўсяму віной спартыўны азарт.

А Андрэй Філічкін перапытаўся:

– Хто перамог? Мы? Ды не – гэта журы памылілася. Перамаглі дзеці.

Паміж конкурсамі выхаванцы школы-інтэрната падрыхтавалі музычныя падарункі – Даніла Савеня, Надзея Сіліч і Настасся Ключонак спявалі і разам, і паасобку.

Разынкай мерапрыемства была падрыхтаваная сцэнка, якая называлася “Дэтэктыўная гісторыя”. Ролю дзеючых персанажаў прымералі на сябе як дзеці, так і хакеісты. Наўрад ці на хакейных матчах і трэніроў­ках Мікіта Волес думаў, што будзе выконваць ролю каня, а Павел Шэгала – вераб’я. Выдатна справіліся са сваёй роляй і Артур Абмётка з Аляксеем Аўтаевым. Яны былі дрэвамі.

Пасля порцыі смеху – рэлакс і душэўная размова за кубкам гарбаты з салодкімі падарункамі ад ХК “Дынама-Мала­дзечна”.

І зноў нечаканасць ад хакеістаў. Хто б мог падумаць, што суровыя хакеісты будуць змагацца за мікрафон, каб праспяваць разам з Данілам Савенем песню “Шарманка”.

На развітанне –  абяцанне ад хакеістаў хутка зноў завітаць у госці. І, як заўсёды, напамінак пра тое, што дзеці і выкладчыкі самыя жаданыя госці на хакейных матчах каманды.