Нечакана, раніцай 16 красавіка, памёр Пётр Міхайлавіч Цыгалка. Сябар “Рэгіянальнай газеты”, ініцыятар шматлікіх нашых публікацый і тэм. Чалавек, які дапамагаў усім, хто быў навокал. Пётр Міхайлавіч нарадзіўся 66 гадоў назад на хутары паблізу Мільчы пад Даўгінавам.

Просты чалавек, які ўсё жыццё правёў за шафёрскай баранкай, але цікавіўся гісторыяй свайго краю і людзьмі. Яго не пакідалі абыякавым чыйсьці клопат, праблема суседа або знаёмага. Ён не разумеў тых, хто забываўся на сваё мінулае, свае карані.

Зусім нядаўна журналісты “Рэгіянальнай газеты” разам з ім аб’ездзілі навакольныя вёскі Даўгінава. Тады мы згадвалі ў газеце Галакост.

У планах была серыя публікацый пра нашых землякоў у Сібіры, продкі якіх выехалі больш за сто гадоў таму ў пошуках лепшай долі або проста кавалка хлеба. Кур’яновічы, Цыгалкі, Судніковічы, Бурсевічы, Аксючыцы, Пачарнеі, Асаёнкі, Станькі, Паўтаракі – прозвішчы, якія сустракаюцца ля Мільчы і ў сібірскіх вёсках Паўлаўка, Калінаўка, Андрэеўка,  Аляксандраўка, Мугун Цюменскай вобласці… Ён знайшоў сібіракоў, якія настойліва і ўсхвалявана прасілі Пятра Цыгалку весці далейшыя пошукі у архівах, музеях, старых падшыўках.

Бо заўсёды адчувалі сябе беларусамі, а праз смугу часу сувязь з Радзімай пачынала губляцца. І новай нітачкай, за якую яны маглі ўхапіцца, была перапіска і штодзённыя кантакты ў інтэрнэце праз Пятра Міхайлавіча.

На вялікі жаль, гэтую работу так, як яе рабіў Пётр Цыгалка, ніхто ўжо не зробіць.

Мы будзем заўжды ўдзячныя Пятру Міхайлавічу за яго душэўнасць, клопат пра кожнага, высокамаральныя чалавечыя якасці і настойлівасць у дасягненні пастаўленых ім высакародных мэт. Нам яго будзе не хапаць.

Прыносім самыя шчырыя спачуванні жонцы Зінаідзе, дочкам і іх сем’ям.