Ва ўсіх правераных аб’ектах гандлю ў першым квартале санітарна-эпідэміялагічная служба знайшла парушэнні.
Такія вынікі прынеслі праверкі выканання санітарна-эпідэміялагічнага заканадаўства аб’ектамі гандлю і грамадскага харчавання, у тым ліку прыдарожнага сэрвісу.
Доктар-гігіеніст Вілейскага раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Алена Ліхачэўская прывяла асноўныя парушэнні:
– гандлююць прадуктамі з прайшоўшым тэрмінам прыдатнасці,
– парушаюць правілы таварнага суседства і тэмпературны рэжым захоўвання,
– не ўказваюць дату і час, калі адкрылі спажывецкую ўпакоўку,
– прадукцыя падазронай якасці,
– не ствараюць умоў для асабістай гігіены персаналу;
– ставяць харчовую прадукцыю ў тары на падлозе;
– памяшканні не прыбіраюць па меры неабходнасці;
– перамяшчаюць прадукты з тары пастаўшчыка ў іншую тару, якую не мыюць і не дэзінфіцыруюць.
Штрафы на мільёны
Па матэрыялах праверак прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці 126 службовых асоб на суму больш за 137 мільёнаў рублёў і чатыры юрыдычныя асобы на 36 мільёнаў рублёў.
За невыкананне прадпісанняў на восем кіраўнікоў склалі пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні. Справы накіраваныя ў суд. Вынеслі дзесяць прадпісанняў аб прыпыненні дзейнасці, сем прадпісанняў аб скарачэнні асартыментнага пераліку, прыпынілі чатыры аб’екты гандлю.
– За апошнія гады прадукцыі з прайшоўшым тэрмінам прыдатнасці на прылаўках крамаў стала менш. Аднак падобныя выпадкі здараюцца, нягледзячы на тое, што сумы штрафаў значна павялічыліся, – кажа Алена Ліхачэўская.
Агулам забаранілі рэалізоўваць амаль 300 кілаграмаў прадукцыі.
Пакупнікі ўстаюць на абарону гандляроў-парушальнікаў
Здзіўляюць прадстаўнікоў санітарнай службы выпадкі з пакупнікамі, якія здараюцца пры праверцы выязнога гандлю. Пункт прывозіць вялікі асартымент тавараў: сярод іх ёсць і замарожаныя прадукты, і мяса-кілбасы, сыры. Усе гэта прадаецца без неабходнага халадзільнага абсталявання, нават калі ўжо цёпла.
– Прыходзіш, кажаш людзям: “Вы ж купляеце недабраякасную прадукцыю”, пачынаеш выяўляць парушэнні, – прыгадвае Алена Ліхачэўская. – Некаторыя пакупнікі пачынаюць пярэчыць: “Вы нам перашкаджаеце купляць. Тут добрыя тавары, нас усё задавальняе”. А потым пачынаюць скардзіцца, што кепскую прадукцыю купілі.
А на крамы скаргаў ад пакупнікоў у апошні час стала менш. Лічыць спецыяліст, што ў многім з-за таго, што стала больш крамаў самабслугоўвання, дзе можна ўважліва разгледзець тавар.