Сёлета Радаўніца прыпадае на 21 красавіка. Гэта час, калі людзі ўзгадваюць пра сваіх продкаў, прыходзяць да іх на могілкі.

Навукоўцы мяркуюць, што назва свята пахо­дзіць ад слова “род”, або ад славянскай міфічнай багіні памяці Рады.  Аднак існуюць такія назвы, як Радуніца, Радуніцкія Дзяды, Снеданне па радзіцелях, Вялікадне мёртвых.

У некаторых мясцінах на могілкі ішлі на Вялікдзень, там і разгаўляліся разам з продкамі.

– Існавала прыказка: на Радуніцу да абеду пашуць, па абедзе плачуць, а ўвечары скачуць, – расказвае выкладчык кафедры беларускай літаратуры і культуры Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка Дзмітры Дрозд. – Да абеду людзі маглі працаваць, пасля абеду ішлі на могілкі, паміналі продкаў. З сабой бралі велікодныя стравы: яйка, куліч. У цэнтральнай Беларусі яйкі часам закопвалі ў магільны грудок. Часам раструшчвалі, каб склявалі птушкі. У некаторых рэгіёнах, каб ажывіць душу памерлага, качалі па магільным грудочку крыжападобна пафарбаванае яйка.

Жанчына прынесла на могілкі яйкі і куліч. Фота budzma.org.

Жанчына прынесла на могілкі яйкі і куліч. Фота budzma.org.

Перш чым прыгубіць чарку, тройчы з яе адлівалі гарэлку, успаміналі пра памерлых. Але лічылася, што лепшай вільгаццю, здольнай ажывіць памерлых родзічаў, будуць слёзы і галашэнні па іх.

Памерлым прыносілі “абноўкі”

Раней да Вялікадня ткалі, пралі, з гэтага шылі ці вязалі новае адзенне і апраналі яго на свята. Таму і памерлым на магілкі прыносілі “абноўкі”. Ручнікі павязвалі на крыжы магілак, дзе былі пахаваныя мужчыны. Фартушкі альбо стужкі – на крыжы пахаваных жанчын.

– І цяпер на крыжах можна ўбачыць стужкі, – адзначае Дзмітры Дрозд. – Але ў большасці іх замянілі штучнымі кветкамі.

Тыя, хто ходзіць на могілкі ў першы дзень Вялікадня, пазіраюць, ці пераліваецца сонца. Калі так, гэта добрая прыкмета на ўраджай, дабрабыт і шчасце.

У радзімічаў на могілках рабілі з вярбы свісткі і раздавалі дзецям. Яны ўзлазілі на дрэвы і свісталі. Гукі павінны былі абудзіць душы продкаў.

Жанчына ўпрыгожвае надмагільны помнік фартухом. Фота budzma.org.

Жанчына ўпрыгожвае надмагільны помнік фартухом. Фота budzma.org.

– Нашы продкі верылі ў тое, што пасля смерці душа чалавека становіцца птушкай, – распавядае выкладчык кафедры беларускай літаратуры і культуры. – І ў галашэннях, гучных рыданнях з прычытаннямі на памінках вобраз салавейкі, зязюлькі пастаянна прысутнічае.

Самымі першымі стараліся прыйсці на могілкі сваякі нядаўна пахаваных нябожчыкаў. Калі няма памерлых з часу мінулага Вялікадня, ідуць перш да магілы старэйшага родзіча. Раней верылі ў тое, што першы, хто прыйшоў на могілкі, пачуе ад сваіх родзічаў параду, дзе знайсці скарб.

– Найбольш галасілі над тымі магілкамі, дзе былі пахаваныя дзеці, – расказвае Дзмітры Дрозд. – Рытуалы на Радаўніцу скіраваныя і на тое, каб улагодзіць душы продкаў, папрасіць у іх дапамогі перад пачаткам новага сельскагаспадарчага года.

Старэйшая жанчына абуджала продкаў

У вёсцы Язні на Вілейшчыне існаваў звычай, старэйшая жанчына з тых, хто прыйшоў на могілкі, клікала душы памерлых на сумесную трапезу.

Як правіла, той, хто кліча, пералічвае ўсіх па сваяцтву: “Дзядочкі, бабачкі, татулькі, матулькі, сястрычкі, братачкі, цётачкі, дзядзечкі, прадзедкі і прабабачкі старэнькія, дзетачкі маленькія, усе хадзіце к нам. Ужо вашы сталы пазасціланыя, госцікі сазваныя, кубачкі паналіваныя. Хадзіце, ляціце к нам!

У канцы трапезы таксама старэйшы з прысутных звяртаецца да памерлых: “Вы нам ва ўсім спрыяйце і нас да сябе доўга дажыдайце!”

На Вялікдзень на могілках больш людзей, чым на Радаўніцу

Лідзія Адамовіч з вёскі Заброддзе на Вілейшчыне расказвае, што ў іх вёсцы на могілкі ездзілі ў першы дзень на Вялікдзень і на Радаўніцу.

– На Вялікдзень звычайна прыязджае многа людзей, нават у тыя хаты, дзе нікога ўжо няма. Перад сняданкам едуць на могілкі, – расказвае жанчына. – З сабой вязуць яйкі, кладуць кветкі, узгадваюць памерлых сваякоў.

На Радаўніцу ў Заброддзі і навакольных вёсках да абеду людзі працуюць, а пасля абеду едуць на могілкі.

Валеры Пячкоўскі з Ашмяншчыны расказвае:

– Ашмяншчына – край каталіцкі, таму 1 лістапада, свята Усіх святых, больш маштабнае.

Але і на Радаўніцу людзі прыбіраюць могілкі, ідуць у царкву, памінаюць продкаў: хто чаркай, хто малітвай.

Даведка “РГ”. Разгавецца – 1. у веруючых: пасля посту паесці скаромнага. 2. з’есці ці выпіць чаго-небудзь смачнага і многа пасля перапынку.