Вы загразлі ўсімі коламі пасярод ночы ў лесе? Не дацягнуўшы да бліжэйшай запраўкі, скончыўся бензін? Каму званіць, куды звяртацца ў такіх выпадках?

Больш за восем тысяч кіроўцаў з Маладзечна адказ на гэта пытанне ведаюць ужо чатыры месяцы як.

А іменна столькі часу існуе самая вялікая суполка кіроўцаў у межах канала рацыі  “Без тармазоў”.

22 красавіка ў суполцы  зарэгістравана 8432 чалавекі.

Арганізавалі канал “Без тармазоў” двое хлопцаў Цімафей Ліс і Вячаслаў Строк.

– Атрымалася ўсё спантанна, – кажа Вячаслаў. – Цімафею трэба было тэрмінова прайсці тэхагляд. І каб пазбегнуць сустрэчы з ДАІ, вырашылі стварыць рацыю.

– Праца канала накіраваная на тое, каб дапамагаць удзельнікам пазбягаць сустрэчы з ДАІ?

– Не зусім так. Мы зусім не апраўдваем і не заахвочваем парушэнні хуткасці ці кіраванне ў неналежным стане. Проста здараюцца такія сітуацыі, калі выпадкова, напрыклад, кіроўца забыўся дома медыцынскую даведку. Ці спяшаецца некуды і ў яго планы не ўваходзіць сустрэча і доўгая размова з супрацоўнікамі ДАІ. Тады, канешне, бывае зручна папярэдзіць адно аднаго, што там і там працуе экіпаж.

Акрамя папярэджванняў, дзе працуе экіпаж ДАІ, удзельнікі рацыі адсочваюць і паведамляюць, дзе закрыты пераезд. Калі ў горадзе здараецца аварыя, удзель­нікі рацыі ведаюць пра гэта адны з першых.

– Нядаўні выпадак, калі відавочцы заўважылі, што па горадзе насіўся матацыкліст на заднім коле і зваліўся. А памятаеце аварыю на вуліцы Хмяльніцкага, калі міліцыя шукала відавочцаў? Дык вось удзельнікі суполкі адгукнуліся на гэта вельмі актыўна.

Карыстальнікі рацыі таксама могуць папрасіць у эфіры дапамогі, калі раптам нешта зробіцца з машынай: скончыцца бензін, праб’е кола, разрадзіцца акумулятар.

– Зімой амаль штодня чулі такія паведамленні, што нехта заглух па дарозе. Праз непрацяглы тэрмін да такога чалавека ўжо ехалі на дапамогу некалькі кіроўцаў, “давалі прыкурыць”.

 Быў выпадак, калі на рацыю перадалі паведамленне, што машына загразла ў лесе. На гадзінніку каля трох ночы, а ў эфіры адгукнуліся пяць кіроўцаў, што гатовыя выехаць на дапамогу.

– А вось калі знікла дзяўчына, многія з кіроў­цаў, удзельнікаў “Без тармазоў”, размясціў у сябе ў машыне лістоўкі, – дадае Цімафей.

Пры гэтым сваім жа сябрам рацыі мадэратары не даруюць, калі тыя парушаюць правілы.

– Перад рэгістрацыяй на канале кожны абавязаны праслухаць правілы суполкі. У іх мы пазначылі, што ў эфіры забароненая ненарматыў­ная лексіка і абразы іншых удзельнікаў. Тэмы і адносіны, якія не адпавядаюць тэме канала. Таксама мы супраць няўзгодненай рэкламы, а таксама нельга падпісвацца нецэнзурным імем або паставіць нейкі непрымальны малюнак на аватарку. Усіх, хто парушае, блакуем.

– А дзяўчат у суполцы шмат? Ім даруеце парушэнні?

– Да дзяўчат добра ставімся. Мала іх у суполцы, таму і шануем. І настрой яны падымаюць, калі ў эфіры з’яўляюцца. Але правілы для ўсіх аднолькавыя.

Бывалі ў эфіры рацыі і такія выпадкі, калі дзяўчаты жартавалі або задавалі ў эфіры недарэчныя пытанні. Для такіх удзельніц выключэнняў няма. Іх мадэратары блакуюць.

– А да жартаў у эфіры як ставіцеся?

 – Калі жарты пра тое, што, напрыклад, здарылася аварыя, то такія жарты мы не разумеем, і такіх “жартаўнікоў” блакуем. А калі гэта жарт добры, то мы рады, што ў нашых удзельнікаў ёсць пачуццё гумару. Самыя ўдалыя жарты мы нават выкладаем у суполцы ў сацыяльнай сетцы.

ТОП-3 жартаў суполкі

1. – Хлопцы, а хто ведае, чаму ў горадзе так накурана?

2. – Як чуваць?

     – Вось так: бзз як… бззз…чуваць …. бзззз..

3. – Горад чысты?

    – Чысты, як шкарпэткі пасля мыцця.

– А яшчэ мы ладзім сустрэчы паміж удзельнікамі суполкі, – дадае Цімафей. – Збіраемся ў кавярні і за кубкам кавы абмяркоўваем і дарогі, і машыны, і ўсё на свеце. Нейкае неверагоднае пачуццё, калі чуеш толькі голас чалавека ў эфіры, а потым бачыш яго. Клёва!