Жыхары вёскі Турэц-Баяры даслалі ў рэдакцыю фатаграфіі, на якіх бачныя засыпаныя зямлёй трупы дзікоў.

Гісторыя, якая атрымала працяг у сакавіку гэтага года, пачалася яшчэ мінулай восенню. Дзеці знайшлі ў балоце ля ракі дзве тушы дзікоў і расказалі пра ўбачанае мясцоваму паляўнічаму, распавядаюць жыхары вёскі.
На месцы паляўнічы знайшоў яшчэ 6 трупаў – усяго 8. У свіней, відаць, з лыча ішла кроў, – распавядаюць відавочцы і мяркуюць, што свінні былі заражаныя афрыканскай чумой свіней. – Паляўнічы пра ўсё паведаміў егеру”.
На гэтым сітуацыя, падобна, была вычарпаная. Мясцовыя жыхары хадзілі паглядзець месца загінулых жывёл.

– У мінулым годзе на тым месцы нічога ўжо не было. Мы бачылі толькі расчышчаны праезд і сляды УАЗіка. Думалі, што ўсё ўтылізавалі, – расказваюць паляўнічыя.

У сярэдзіне сакавіка жыхары вёскі, ідучы па лесе, адчулі смурод. І ў метрах 500-600 ад месца леташняга выяўлення трупаў і прыкладна ў 800 метрах ад вёскі ўбачылі ў яме нагрувашчванне туш свіней, прысыпаных пяском. З пяску тырчалі астанкі, іх расцягвалі лісы. Аб знаходцы паведамілі ў інспекцыю па ахове жывёльнага свету, распавядаюць мясцовыя.

Пасля таго як выпадак з трупамі ўсплыў паўторна, на месца прыязджалі прадстаўнікі лясгаса.

– Прыязджала інспекцыя па ахове жывёльнага свету, і праз тыдні тры – дэлегацыя з сямі машын: ветэрынары і супрацоўнікі Генеральнай пракуратуры, – распавядае жыхар вёскі Турэц-Баяры.

А нядаўна па вёсцы сталі хадзіць ветэрынары, правяраць свойскую жывёлу.
Больш за ўсё людзей непакоіць тое, што хтосьці хацеў схаваць леташні інцыдэнт і замаўчаць магчымую крыніцу заразы.

­– Інакш навошта было адцягваць трупы на адлегласць і засыпаць пяском, – дзівяцца мясцовыя.

Намеснік начальніка міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету Кірыл Чабан сказаў “Рэгіянальнай газеце”, што ў Турэц-Баярах была знойдзеная туша толькі аднаго кабана.

– Ветэрынары праверылі тушу на наяўнасць агнястрэльных раненняў, – такіх пашкоджанняў на кабане не было. Цяпер распачаты адміністрацыйны працэс. Пра папярэднія вынікі можна будзе гаварыць не раней, чым праз тыдзень.