Гульні другой лігі чэмпіянату Беларусі па футболе распачнуцца для каманды з Маладзечна ўжо праз тыдзень, 2 мая.
Але пытанні пра склад каманды, пра колеры формы, пра кошт квіткоў на стадыён застаюцца адкрытымі.
“Рэгіянальная газета” звязалася з намеснікам начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Мікалаем Шрымфам, дырэктарам стадыёна Аляксеем Язневічам і галоўным трэнерам Аляксандрам Гармазой, каб задаць ім пытанні, якія знаходзяцца ў іх кампетэнцыі.
Мікалай Шрымф: унёсак аплацілі, форму замовілі
– На сённяшні дзень мы заплацілі ўступны ўнёсак каманды ў другую лігу. Каманда гуляць будзе, Маладзечна без футбольнай каманды не застанецца. Да таго ж мы аплацілі новую форму гульцам. Цяпер вырашаецца пытанне з рэалізацыей піва на стадыёне падчас матча. Цалкам верагодна, што пытанне вырашыцца станоўча.
Аляксей Язневіч: шукаем чалавека, які хоча прадаваць піва
– Квіткі на футбол застануцца мінулагадовымі: 10 тысяч дарослы білет і 5 тысяч дзіцячы.
Каб вырашыць пытанне з гандлем на стадыёне падчас матчаў, засталося толькі знайсці чалавека, які выставіць свой пункт гандлю. Таму, калі вы ведаеце такіх людзей, ласкава просім і запрашаем да супрацоўніцтва.
Аляксандр Гармаза, галоўны трэнер каманды “Маладзечна ДЮСШ 4”:
– Форма каманды “Маладзечна ДЮСШ 4” застанецца зялёнага колеру. Склад каманды агучу ў аўторак 28 красавіка. На гэтым пакуль усё!